машы́на, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць механізмаў, прызначаная для пераўтварэння энергіі, выканання пэўнай карыснай работы, збору, захоўвання і выкарыстання інфармацыі. Швейная машына. Сельскагаспадарчыя машыны. Вылічальная машына. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае машынальна, бяздумна, як аўтамат. // перан. Аб чым‑н. складаным, што дзейнічае падобна механізму бесперабойна і дакладна; сістэма. Беларуская Савецкая Рэспубліка першай прыняла на сябе ўдар пачварнай ваеннай машыны гітлерызму. Клімковіч.

2. Транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух пры дапамозе якога‑н. рухавіка. Да свірна пад’ехала машына, на яе пачалі грузіць мяхі. Шахавец. // Уст. Поезд, цягнік. Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына. Колас.

•••

Як заведзеная машына — а) рытмічна, аднастайна, бесперапынна; б) механічна, не думаючы (рабіць што‑н.).

[Фр. machine ад лац. machina.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)