Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сілікатыза́цыя, ‑і, ж.

Спец. Увядзенне ў грунт сілікатных раствораў для надання яму трываласці, воданепранікальнасці. Сілікатызацыя глебы. Сілікатызацыя грунту пад фундаментамі будынкаў.

сілікаці́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сілікаціраваць.

сілікаці́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да сілікаціраваць.

сілікаці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Апрацаваць (апрацоўваць) сілікатамі для надання трываласці. Сілікаціраваць бетон. Сілікаціраваць драўніну.

сіліко́з, ‑у, м.

Прафесійная хвароба, што выклікаецца працяглым удыханнем пылу, які ўтрымлівае свабодны двухвокіс крэмнію..

[Лац. silex, silicis — крэмень.]

сі́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.

Разм.

1. Намагацца. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, дробнымі крокамі. Карпаў. [Цімох] быў .. нізкарослы і, спяваючы, высока задзіраў галаву. І так сіліўся, што аж жыллё выпіналася на шыі. Ермаловіч. // з інф. Старацца, прабаваць зрабіць што‑н. Антось у цемнаце сіліўся разгледзець брата. Дамашэвіч. Схіліўшы ўніз галаву, дзяўчына сілілася паправіць падбародкам разарваную на грудзях блузку — рукі былі закручаны назад і звязаны. Лынькоў. Мікульскі сіліцца адарваць позірк ад гэтай попельніцы, разглядае дэталёва камендантаў стол. Місько.

2. Мерацца сіламі. [Мужык:] — Сям’я мая галодная, Хаціна мая хіліцца, Ідзі, Зіма нягодная! Не дуж з табою сіліцца. Купала.

сілі́цыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіліцыю, зроблены з сіліцыю.

сілі́цый, ‑ю, м.

Тое, што і крэмній.

[Ад лац. silex, silicis — крэмень.]

сілкава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Прызначаны для сілкавання. Сілкавальная вада для паравога катла.

2. Які забяспечвае чым‑н. неабходным для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Сілкавальная станцыя. Сілкавальная помпа. Сілкавальны коўш.

сілкава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сілкаваць і сілкавацца.

2. Спец. Тое, што забяспечвае нармальнае дзеянне, функцыяніраванне чаго‑н. Сілкаванне для радыёпрыёмніка. □ А ў нас машыны іншыя .. Замест электронных лямп пастаўлены крышталікі паўправаднікоў. Энергіі для сілкавання гэтых машын патрэбна нямнога. Шыцік.