Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

матэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да матэля, належыць яму. Матэльная абслуга.

матэматызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Увесці (уводзіць) матэматычныя метады і дасягненні матэматыкі ў іншыя навукі, галіны ведаў і пад. Матэматызаваць вытворчы працэс.

матэматыза́цыя, ‑і, ж.

Укараненне матэматычных метадаў і дасягненняў матэматыкі ў іншыя навукі, галіны ведаў і сферы дзейнасці чалавека.

матэма́тык, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне матэматыкі. // Разм. Студэнт матэматычнага факультэта.

матэма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Навука аб колькасных суадносінах і прасторавых формах навакольнага свету. Элементарная матэматыка. Вышэйшая матэматыка.

•••

Дыскрэтная матэматыка — матэматыка, заснаваная на вывучэнні дыскрэтных велічынь.

[Грэч. mathēmatikē, ад máthēma — навука, веды.]

матэматы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да матэматык.

матэматы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да матэматыкі. Матэматычная формула. Матэматычныя табліцы. □ Таксама як і Сымон Тургай, Уладзік пачаў болей захапляцца матэматычнымі навукамі. Колас. // перан. Дакладны, ясны, як у матэматыцы. У Івана матэматычнае мысленне — любіць закругленасць. Навуменка.

матэ́рыя, ‑і, ж.

1. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе паміма і незалежна ад свядомасці чалавека. Матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, існуючымі незалежна ад іх. Ленін.

2. Спец. Рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды. Будова матэрыі.

3. Разм. Тканіна; матэрыял. Чысценькае, хоць і з простай матэрыі, адзенне [дзяўчыны] гэтак прыемна кідалася ў вочы. Нікановіч.

4. перан. Разм. Прадмет размовы; тэма. [Валасны пісар:] — Ну што, гаспадзін настаўнік, аб высокай матэрыі з мужыкамі гутарыце?.. Чарот.

[Лац. materia.]

матэрыя́л, ‑у, м.

1. Прадмет, рэчыва, сыравіна, з якіх будуецца, вырабляецца што‑н. Будаўнічы матэрыял. □ Лесапілка так забіта матэрыялам, што нават невядома, калі тыя дошкі будуць напілаваны. Васілевіч.

2. Розныя звесткі, крыніцы, якія служаць асновай для чаго‑н., доказам чаго‑н. Гістарычны матэрыял для рамана. □ У архіве [Багушэвіча] вялікае месца займаюць матэрыялы па беларускаму фальклору, сабраныя самім паэтам. Ларчанка. Мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. В. Вольскі. Дзяўчына разгортвала газету і чытала найбольш цікавыя матэрыялы, расказвала аб важных падзеях, што адбываюцца ў свеце. Шчарбатаў. // звычайна мн. (матэрыя́лы, ‑аў). Збор звестак, дакументаў па якому‑н. пытанню. Матэрыялы XXV з’езда КПСС. □ Дзікавіцкі дастаў з шуфляды папку з матэрыяламі і падаў яе Шаманскаму. Дуброўскі.

3. Тканіна, матэрыя. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе. В. Вольскі.

•••

Інертныя матэрыялы — рэчывы (пясок, гравій, шчэбень і інш.), якія ўваходзяць у склад будаўнічых раствораў, бетонаў і пад. у якасці запаўніцеляў.

Супраціўленне матэрыялаў гл. супраціўленне.

[Ад лац. materialis.]

матэрыялаёмісты, ‑ая, ‑ае.

Які характарызуецца вялікімі выдаткамі матэрыялаў. Матэрыялаёмістая прадукцыя.