матэрыя́л, ‑у, м.
1. Прадмет, рэчыва, сыравіна, з якіх будуецца, вырабляецца што‑н. Будаўнічы матэрыял. □ Лесапілка так забіта матэрыялам, што нават невядома, калі тыя дошкі будуць напілаваны. Васілевіч.
2. Розныя звесткі, крыніцы, якія служаць асновай для чаго‑н., доказам чаго‑н. Гістарычны матэрыял для рамана. □ У архіве [Багушэвіча] вялікае месца займаюць матэрыялы па беларускаму фальклору, сабраныя самім паэтам. Ларчанка. Мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. В. Вольскі. Дзяўчына разгортвала газету і чытала найбольш цікавыя матэрыялы, расказвала аб важных падзеях, што адбываюцца ў свеце. Шчарбатаў. // звычайна мн. (матэрыя́лы, ‑аў). Збор звестак, дакументаў па якому‑н. пытанню. Матэрыялы XXV з’езда КПСС. □ Дзікавіцкі дастаў з шуфляды папку з матэрыяламі і падаў яе Шаманскаму. Дуброўскі.
3. Тканіна, матэрыя. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе. В. Вольскі.
•••
Інертныя матэрыялы — рэчывы (пясок, гравій, шчэбень і інш.), якія ўваходзяць у склад будаўнічых раствораў, бетонаў і пад. у якасці запаўніцеляў.
Супраціўленне матэрыялаў гл. супраціўленне.
[Ад лац. materialis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)