Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сінхро́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца сінхранізмам; адначасовы. Сінхроннае вярчэнне матораў. □ Прынцып сінхроннага, паралельнага раскрыцця псіхалогіі розных людзей ляжыць у аснове кампазіцыі апавядання. Адамовіч.

2. У тэхніцы — заснаваны на прымяненні прынцыпу сінхранізму. Сінхронны рухавік. Сінхронная кіназдымка.

сінь, ‑і, ж.

1. Сіні колер. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак. Не абняць, не змераць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Вочы ў мяне Не згубілі яшчэ сваю сінь. Танк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра неба, мора, паветра). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую. Гілевіч. // Сіні туман, смуга. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Бядуля. Па мокрай сенажаці.. [Гэлька] ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну. Чарот. // Пра вечар, ранак. Сінь за акном пагусцела, дрэвы згорбіліся. Шашкоў. Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела. Карпаў.

2. У горнай справе — назва некаторых руд, якія маюць сіні колер. Медная сінь. Жалезная сінь.

сіньёр, ‑а, м.

У Італіі — форма ветлівага звароту да мужчыны; пан (у 5 знач.). Антоніо ішоў на працу ў лялькавую майстэрню сіньёра Пуччыо. Маўр. Мяне і сябра забірае ў лодку шустры, .. пажылы сіньёр у кепцы, па-сваяцку падобны да дзядзькі Тодара, старшага пастуха ў нашым калгасе. Брыль.

[Іт. signor.]

сіньёра, ‑ы, ж.

У Італіі — форма ветлівага звароту да жанчыны.

[Іт. signora.]

сі́нька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

1. Дзеянне паводле, знач. дзеясл. сініць.

2. Сіняя фарба, якая выкарыстоўваецца для падсіньвання бялізны, паперы і пад. Сінька для бялізны. / у вобразным ужыв. Вечар сіньку развёў за акном. Гілевіч.

3. Спец. Афарбаваная ў сіні колер капіравальная папера для размножвання чарцяжоў; чарцёж на такой паперы. Дывінец разгарнуў сіньку — рабочы чарцёж, са здзіўленнем паглядзеў на загатоўкі. Асіпенка.

сіньяры́на, ‑ы, ж.

У Італіі — форма ветлівага звароту да дзяўчыны; паненка.

[Іт. signorina.]

сіню́га, ‑і, ДМ ‑нюзе, ж.

Абл. Сіняватыя кругі пад вачыма. Твар у Метлюга быў азызлы, пад вачыма сінюга, голас сіпаваты. Сабаленка.

сіню́ха, ‑і, ДМ ‑нюсе, ж.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства сінюхавых (выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы). Калі павявае вецер, .. шуміць тады лаза і шапоча падсохлая не скошаная ля кустоў асака, сінюха і трава-елка. Пташнікаў.

2. Тое, што і сінюшнасць.

сіню́хавыя, ‑ых.

Сямейства шматгадовых траў, да якога належаць сінюха, флёкс і пад.

сіню́шнасць, ‑і, ж.

Сіняватая афарбоўка скуры пры некаторых захворваннях, звязаных з расстройствам кровазвароту; цыяноз. А на падушцы спакутаваны твар з яркімі прыкметамі яе [Зосі] хваробы: крыху збляклая ўжо сінюшнасць губ, крыл[аў] носа. Шамякін.