Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мастаўшчы́к, ‑а, м.

Тое, што і мостабудаўнік.

маста́цкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мастацкага (у 4, 5 знач.). Крытэрыі мастацкасці.

маста́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.

2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.

3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.

4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.

5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.

6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.

7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.

•••

Мастацкая літаратура гл. літаратура.

Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.

маста́цтва, ‑а, н.

1. Творчая перадача рэчаіснасці ў мастацкіх вобразах. Творы мастацтва. □ [Антон Максімавіч:] — Наша мастацтва толькі тады будзе дзейсным, калі яно наблізіцца да жыцця. Рамановіч.

2. Галіна творчай мастацкай дзейнасці. Прыкладное мастацтва. Партрэтнае мастацтва. Дэкарацыйнае мастацтва. □ Керамічнае мастацтва дасягнула ў Марока яшчэ ў старадаўнія часы вельмі высокага ўзроўню. В. Вольскі.

3. Дасканалае ўменне, майстэрства ў якой‑н. справе, рабоце.

•••

Выяўленчае мастацтва — назва мастацтва, у творах якога вобраз увасоблены на плоскасці ці ў прасторы (жывапіс, скульптура, графіка).

Мастацтва для мастацтва — рэакцыйная эстэтычная тэорыя, якая адмаўляе грамадскае значэнне мастацтва.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

мастацтваве́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і мастацтвазнавец.

мастацтвазна́вец, ‑наўца, м.

Спецыяліст у галіне мастацтвазнаўства.

мастацтвазна́ўства, ‑а, н.

Навука аб мастацтве.

мастацтвазна́ўца, ‑ы, м.

Тое, што і мастацтвазнавец.

мастацтвазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мастацтвазнаўства.

маста́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да мастак.