Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

масні́чына, ‑ы, ж.

Тое, што і масніца. Здавалася, што вось зараз зарыпіць маснічына ў сенцах, адчыняцца дзверы і .. [Мальвіна] убачыць Мартына са стомленым тварам. Стаховіч. [Сяргей Рыгоравіч і Люда] пайшлі па мосце, дзе на кругляках маснічын падскокваў, пабразгваў званочкам бывалы Аржанцоў веласіпед. Брыль.

масо́н, ‑а, м.

Член масонскай секты, паслядоўнік масонства.

[Фр. macon — муляр.]

масо́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да масона, масонства. Масонскія ложы. Масонскі ордэн.

масо́нства, ‑а, н.

Рэлігійна-філасофскі рух 18–19 стст. у Еўропе, у якім ідэі буржуазнага антыклерыкалізму спалучаліся з элементамі рэлігійнага містыцызму; франкмасонства.

масо́ўка, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

1. Невялікі мітынг, тайны рэвалюцыйны сход у дарэвалюцыйнай Расіі. План масоўкі быў распрацаваны дакладна. Быў вызначаны дзень, час і месца. Пестрак.

2. Масавая экскурсія, прагулка.

3. Масавая сцэна (у спектаклі, фільме).

мастава́я, ‑ой, ж.

Брукаваная або асфальтаваная вуліца.

маставі́к, ‑а, м.

Тое, што і мостабудаўнік.

маставы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да моста (у 1 знач.). Удалечыні з-пад вады тырчалі вострыя пікі ледарэзаў, а між іх у вадзе ляжала ўзарваная маставая ферма. Асіпенка.

•••

Маставы кран гл. кран ​2.

мастадо́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Вялізная вымерлая жывёліна, продак слана.

[Ад грэч. mastós — сасок і odús — зуб.]

маста́к, ‑а, м.

1. Творчы работнік у галіне выяўленчага мастацтва (жывапісец, графік, скульптар). Мастак-дэкаратар. Мастак-карыкатурыст. □ Пакуль мастак піша партрэт Роліча, я размаўляю з старым рыбаком. В. Вольскі.

2. Чалавек, які творыць у галіне мастацтва, літаратуры. Мастак слова. □ Чорны — раманіст-эпік, мастак-мысліцель, мастак-інтэлектуаліст. Для яго адным з важнейшых прынцыпаў быў прынцып гістарызму. Дзюбайла.

3. Пра таго, хто дасягнуў высокай дасканаласці ў якой‑н. справе. [Сушылаў] не толькі ўмеў паляваць і рыбачыць, але і гатаваць быў мастак. Шамякін. [Глеб:] — Гаварыць ты не мастак, гэта я ведаю, а думаць над сваім жыцыём кожны павінен. Дуброўскі.