Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малакапаста́ўкі, ‑ставак; адз. малакапастаўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы, ж.

Пастаўкі малака дзяржаве.

малакары́сны, ‑ая, ‑ае.

Які прыносіць малую карысць. Малакарысны занятак.

малакасо́с, ‑а, м.

Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. — Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.

малакашто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае вялікай каштоўнасці; недарагі. Малакаштоўныя віды паліва. // перан. Які не мае вялікага значэння; не вельмі патрэбны. Малакаштоўныя звесткі.

малакваліфікава́ны, ‑ая, ‑ае.

Недастаткова кваліфікаваны, нізкай кваліфікацыі. Малакваліфікаваны рабочы.

малако́, ‑а, н.

1. Белая пажыўная вадкасць, якая выдзяляецца груднымі залозамі жанчын і самак млекакормячых для выкармлівання дзяцей. Мацярынскае малако. // Такая ж вадкасць, якую атрымліваюць ад кароў, коз і інш. жывёл і якая з’яўляецца прадуктам харчавання. Кіслае малако. Забяліць малаком. □ А праз колькі хвілін стол уставіўся розным наедкам: была і страва, і сыр, і масла, і малако. Мурашка.

2. Уст. Семявая вадкасць рыб, а таксама семявыя залозы рыб.

3. Белаваты сок некаторых раслін, вадкасць, якая здабываецца з некаторых пладоў. Канаплянае малако. Міндальнае малако.

4. Белаваты раствор некаторых рэчываў. Вапеннае малако.

•••

Кроў з малаком гл. кроў.

Малако на губах не абсохла у каго — пра маладога нявопытнага чалавека.

Птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Пусціць (паслаць) кулю ў малако гл. пусціць.

Як з казла малака гл. казёл.

малако́лькаснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць малаколькаснага; малая колькасць каго‑, чаго‑н.

малако́лькасны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з невялікай колькасці якіх‑н. адзінак; нешматлікі. Малаколькасная група.

малакро́ўе, ‑я, н.

Хваравіты стан, які характарызуецца памяншэннем колькасці крыві або якасным змяненнем яе саставу (памяншэннем колькасці чырвоных крывяных цельцаў і гемаглабіну); анемія.

малакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які хварэе на малакроўе. — Цётка кажа, што Казік малакроўны і яму не трэба ўганяцца за работай з самага маленства. Баранавых. // Бледны ад малакроўя. Малакроўны твар.