кулі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Абл. Невялікая баханка. Падаючы торбу, [маці] загаварыла: — Я тут хлеба дзве кулідкі паклала. Учора спякла. Мележ.
кулі́к, ‑а, м.
Невялікая балотная птушка з доўгімі нагамі і доўгай дзюбай.
куліна́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да кулінар.
куліна́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кулінарыі, звязаны з ёй. Кулінарнае майстэрства. Кулінарны цэх. Кулінарныя вырабы.
куліна́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кулінара. Кулінарская работа. Кулінарскія навыкі.
куліна́рства, ‑а, н.
Занятак кулінара. Сава .. намагаўся хоць чым-небудзь дапамагчы Андрэю ў кулінарстве. Пестрак.
куліна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Займацца кулінарыяй.
куліна́рыя, ‑і, ж.
1. Майстэрства прыгатавання ежы. Курсы кулінарыі.
2. зб. Стравы.
[Ад лац. culinarius — кухонны.]
кулі́са, ‑ы, ж.
1. звычайна мн. (кулі́сы, ‑ліс). Плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой. Выйсці з-за куліс. Зайсці за кулісы. // перан.; чаго або якія. Тое, чым прыкрываюць што‑н., за чым хаваецца што‑н. Максім Танк з партыйных пазіцый глянуў за кулісы злавеснай барацьбы палітычных сіл, што разгарэлася пасля смерці Пілсудскага. У. Калеснік.
2. Рычаг або сістэма рычагоў для перамены ходу машыны.
3. Паласа, засаджаная ў 2–3 рады кукурузай, сланечнікам і інш., як сродак для захавання глебы ад высыхання і вымярзання ў засушлівых і маласнежных раёнах. // Паласа лесу паміж дзвюма дзялянкамі.
•••
За кулісамі — а) у тэатральным, акцёрскім асяроддзі. Мець знаёмых за кулісамі; б) тайна, скрытна, у неафіцыйнай абстаноўцы. Прадстаўнікам урада ЗША, відаць, давялося нямала папрацаваць за кулісамі Асамблеі. Кавалёў.
[Фр. coulisse.]