Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

марыні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, які малюе марыны.

[Фр. mariniste ад marin — марскі.]

марыно́ваны,

гл. марынаваны.

марыхуа́на, ‑ы, ж.

Наркотык, які здабываецца з індыйскіх канапель.

ма́рыцца, ма́рыцца; незак.

1. Уяўляцца, здавацца ў думках. Мне марыцца: Нібыта той дарогаю З адвечнасці вярнуліся гады... Кляшторны.

2. безас. Аб жаданні або мажлівасці марыць. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка! З. Астапенка.

мары́цца, мару́ся, мо́рышся, мо́рыцца; незак.

1. Таміцца, мучыцца. [Тэкля:] Хай размятуць вас віхуры крутыя, Каб не марыліся нашыя дзеці, Каб не стагналі ў няволі старыя! Глебка.

2. Зал. да марыць.

ма́рыць, ма́ру, ма́рыш, ма́рыць; незак.

Аддавацца марам. Калі туман плыве над логам, Рассейваючы кроплі рос, Стаю пад-сонцам я і мару. Панчанка. — Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы. — І трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё... Брыль. // Думаць аб ажыццяўленні чаго‑н. вельмі жаданага, імкнуцца ў думках да чаго‑н. З дзіцячых гадоў Мікола любіў маляванне, і сам ён употай марыў аб мастацкай школе. Якімовіч. Тварык .. [Ірынкі] засв[я]ціўся — яна марыла аб спатканні з братам. Чорны.

мары́ць, мару́, мо́рыш, мо́рыць; незак., каго-што.

1. Труціць, атручваць. Марыць прусакоў.

2. перан. Даводзіць да поўнага знясіленая; мардаваць, мучыць. [Чэрскую] страшылі на допытах, білі, марылі голадам, і, нічога не дазнаўшыся, праз чатыры месяцы выпусцілі з турмы. Галавач.

3. перан. Даводзіць да знямогі. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотна становіцца. Лынькоў. Віктар прысеў на прызбу, угрэўся, і яго пачаў марыць сон. Асіпенка.

4. Спец. Трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру і моцнасці. Марыць дуб. // Фарбаваць драўніну марылкай.

марыяне́тачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да марыянеткі, марыянетак (у 1 знач.). Марыянетачны тэатр.

2. перан. Які слепа выконвае чыю‑н. волю. Марыянетачная дзяржава. Марыянетачны ўрад.

марыяне́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тэатральная лялька, якой кіруе акцёр пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання.

2. перан. Чалавек, урад, які слепа дзейнічае па ўказцы, па волі іншых.

[Фр. marionnette.]

марэ́ль, ‑і, ж.

Гатунак вішні.

[Іт. amarello.]

марэ́на 1, ‑ы, ж.

Вялікая колькасць абломкаў парод, якая ўтвараецца ад перамяшчэння ледніка.

[Фр. moraine.]

марэ́на 2, ‑ы, ж.

Травяністая паўкустовая ці кустовая расліна сямейства марэнавых з жоўтымі кветкамі і тоўстым коранем, з якога атрымліваюць чырвоную фарбу. // Корань гэтай расліны, які выкарыстоўваецца ў якасці фарбавальніка.

марэ́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да марэны ​2. // Атрыманы з карэнняў марэны. Марэнавая фарба.

2. Ярка-чырвоны, колеру марэны. Марэнавы колер.

3. у знач. наз. марэ́навыя, ‑ых. Назва сямейства пакрытанасенных раслін, да якога адносяцца марэна, хіннае дрэва, кафейнае дрэва і пад.