ма́рыць, ма́ру, ма́рыш, ма́рыць; незак.
Аддавацца марам. Калі туман плыве над логам, Рассейваючы кроплі рос, Стаю пад-сонцам я і мару. Панчанка. — Вось так, вось так, — прыгаворвае пані Мар’я, малюючы. — І трэба, Малец, не глядзець, не марыць, а рабіць сваё... Брыль. // Думаць аб ажыццяўленні чаго‑н. вельмі жаданага, імкнуцца ў думках да чаго‑н. З дзіцячых гадоў Мікола любіў маляванне, і сам ён употай марыў аб мастацкай школе. Якімовіч. Тварык .. [Ірынкі] засв[я]ціўся — яна марыла аб спатканні з братам. Чорны.
мары́ць, мару́, мо́рыш, мо́рыць; незак., каго-што.
1. Труціць, атручваць. Марыць прусакоў.
2. перан. Даводзіць да поўнага знясіленая; мардаваць, мучыць. [Чэрскую] страшылі на допытах, білі, марылі голадам, і, нічога не дазнаўшыся, праз чатыры месяцы выпусцілі з турмы. Галавач.
3. перан. Даводзіць да знямогі. Нязручна ж у адзежыне ў хаце сядзець, бо так жа морыць цяпло, аж дрымотна становіцца. Лынькоў. Віктар прысеў на прызбу, угрэўся, і яго пачаў марыць сон. Асіпенка.
4. Спец. Трымаць драўніну ў вадзе, у спецыяльным растворы для надання ёй цёмнага колеру і моцнасці. Марыць дуб. // Фарбаваць драўніну марылкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)