маршру́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да маршруту, звязаны з маршрутам. Маршрутны ліст. Маршрутныя перавозкі.
•••
Маршрутны поезд гл. поезд.
маршрутыза́цыя, ‑і, ж.
Спец. Арганізацыя грузавых перавозак маршрутнымі паяздамі.
маршча́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і маршчына. Гусіныя лапкі маршчакоў ад вачэй пацягнуліся на скроні. Алешка.
маршчакава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і маршчыністы.
маршчы́на, ‑ы, ж.
Складка, згіб на скуры твару, цела. Мінуў яшчэ адзін суровы год, Яшчэ гусцей укрылі твар маршчыны — Сляды выпрабаванняў і нягод Маіх уласных і маёй краіны. Глебка. Калі горад быў толькі закладзены, стары ледзь не штодня выходзіў за агароды, прыкладваў да ілба перавітую маршчынамі далонь і глядзеў у той бок, дзе пачыналася гэтае незвычайнае будаўніцтва. Кулакоўскі. // перан. Складка, упадзіна, якая ўтварылася на паверхні чаго‑н. Вароны гладзяць ворыва маршчыны, Клубіцца пара ад пластоў зямных... Звонак.
маршчы́ністасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, якасць маршчыністага.
маршчы́ністы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты маршчынамі. Весць аб арышце Панаса глыбока ўсхвалявала дзеда Талаша. Ён сядзеў пануры, нахмурыўшы свой маршчыністы лоб, і думаў. Колас. // З тварам, пакрытым маршчынамі. Я сустрэўся з .. [паляўнічымі] амаль пад вечар. Адзін малады, чырванашчокі, другі — сухі, маршчыністы. Кандрусевіч. // перан. Які мае няроўную, пакрытую складкамі паверхню. Кара на .. [дубе] маршчыністая, мае гузаватыя наросты. С. Александровіч.
маршчы́ніцца, ‑ніцца; незак.
Пакрывацца маршчынамі, збірацца ў маршчыны; моршчыцца (пра скуру). І твар маршчыніцца цярпеннем, і точыць сэрца горыч слёз. Машара. // перан. Пакрывацца рабізною (пра паверхню вады). Рака то супакойвалася на момант, то зноў, узрушаная новым парывам ветру, ўздрыгвала, маршчынілася нават у зацішку, нібы ёй было холадна. Ваданосаў.
маршчы́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Утвараць маршчыны на твары; моршчыць. Глядзяць кудысь углыб вочы дзедавы, несупынныя думкі яшчэ больш маршчыняць яго лоб. Колас. І маршчынілі маці аблічча весткі сумныя з позніх дарог. Машара. // перан. Утвараць рабізну (пра паверхню вады). Вада была спакойнай, толькі маленькія хвалькі ад ветру маршчынілі яе паверхню. Краўчанка.
маршчы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш. да маршчына; невялікая маршчына.