матэ́рыя, ‑і, ж.
1. Аб’ектыўная рэальнасць, якая існуе паміма і незалежна ад свядомасці чалавека. Матэрыя ёсць філасофская катэгорыя для абазначэння аб’ектыўнай рэальнасці, якая дадзена чалавеку ў адчуваннях яго, якая капіруецца, фатаграфуецца, адлюстроўваецца нашымі адчуваннямі, існуючымі незалежна ад іх. Ленін.
2. Спец. Рэчыва, з якога складаюцца фізічныя целы прыроды. Будова матэрыі.
3. Разм. Тканіна; матэрыял. Чысценькае, хоць і з простай матэрыі, адзенне [дзяўчыны] гэтак прыемна кідалася ў вочы. Нікановіч.
4. перан. Разм. Прадмет размовы; тэма. [Валасны пісар:] — Ну што, гаспадзін настаўнік, аб высокай матэрыі з мужыкамі гутарыце?.. Чарот.
[Лац. materia.]
матэрыя́л, ‑у, м.
1. Прадмет, рэчыва, сыравіна, з якіх будуецца, вырабляецца што‑н. Будаўнічы матэрыял. □ Лесапілка так забіта матэрыялам, што нават невядома, калі тыя дошкі будуць напілаваны. Васілевіч.
2. Розныя звесткі, крыніцы, якія служаць асновай для чаго‑н., доказам чаго‑н. Гістарычны матэрыял для рамана. □ У архіве [Багушэвіча] вялікае месца займаюць матэрыялы па беларускаму фальклору, сабраныя самім паэтам. Ларчанка. Мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі. В. Вольскі. Дзяўчына разгортвала газету і чытала найбольш цікавыя матэрыялы, расказвала аб важных падзеях, што адбываюцца ў свеце. Шчарбатаў. // звычайна мн. (матэрыя́лы, ‑аў). Збор звестак, дакументаў па якому‑н. пытанню. Матэрыялы XXV з’езда КПСС. □ Дзікавіцкі дастаў з шуфляды папку з матэрыяламі і падаў яе Шаманскаму. Дуброўскі.
3. Тканіна, матэрыя. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе. В. Вольскі.
•••
Інертныя матэрыялы — рэчывы (пясок, гравій, шчэбень і інш.), якія ўваходзяць у склад будаўнічых раствораў, бетонаў і пад. у якасці запаўніцеляў.
Супраціўленне матэрыялаў гл. супраціўленне.
[Ад лац. materialis.]
матэрыялаёмісты, ‑ая, ‑ае.
Які характарызуецца вялікімі выдаткамі матэрыялаў. Матэрыялаёмістая прадукцыя.
матэрыялазна́вец, ‑наўца, м.
Спецыяліст у галіне матэрыялазнаўства.
матэрыялазна́ўства, ‑а, н.
Навука аб матэрыялах якой‑н. галіны вытворчасці.
матэрыялазна́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да матэрыялазнаўства. Матэрыялазнаўчыя выкладкі.
матэрыялізава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць матэрыялізаванага. У паэтычных пейзажах пісьменніка не траціцца канкрэтнасць, рэчавасць, матэрыялізаванасць вобраза. Кучар.
матэрыялізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад матэрыялізаваць.
матэрыялізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Увасобіцца (увасабляцца) у канкрэтныя, рэчыўныя формы.
2. толькі незак. Зал. да матэрыялізаваць.
матэрыялізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.
Увасобіць (увасабляць) што‑н. у канкрэтныя, рэчыўныя формы.
[Ад фр. matérialiser.]