кукурузаўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўборкі кукурузы. Кукурузаўборачны камбайн.
кукуру́зіна, ‑ы, ж.
Разм. Адно сцябло або зерне кукурузы. Маладыя хлопцы паспяваюць падаваць у прагавітую пашчу машыны зялёныя, сакавітыя сцябліны кукурузы і паціху штурхнуць каторую-небудзь дзяўчынусвавольніцу ці папусціць у яе доўгай кукурузінай. Палтаран.
кукуру́знік 1, ‑а, м.
Разм.
1. Поле, засеянае кукурузай. Працаваць у кукурузніку. // Сцёблы кукурузы. З галін расы скаціўся гузік, Гарыць, трымаючы прамень. Настроіў вушы кукурузнік: Мо набліжаецца сухмень? Калачынскі.
2. Чалавек, які займаецца вырошчваннем кукурузы. Ульяна змоўчала і пра нядбайных кукурузнікаў, і пра іншае. Лось.
кукуру́знік 2, ‑а, м.
Разм. Пра лёгкі вучэбна-трэніровачны самалёт, прыстасаваны для начнога бомбакідання ў час Вялікай Айчыннай вайны. Упершыню за некалькі дзён у небе паказаліся нашы знішчальнікі, «кукурузнік» шугануў нам на галаву лістоўкі з заклікам: «Трымайцеся»! С. Александровіч.
кукуру́зны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кукурузы. Кукурузнае поле. // Прыгатаваны з кукурузы. Кукурузны алей.
кула́к 1, ‑а, м.
1. Кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі. Булай скамечыў ліст ватмана, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.
2. перан. Сканцэнтраваныя ў адным месцы ваенныя ўзброеныя сілы для рашаючага ўдару. Спецгрупа збіралася ў адзін кулак. Новікаў.
3. Дэталь машыны, якая мае форму выступу і штурханнем прыводзіць у рух другія механізмы.
кула́к 2, ‑а, м.
Багаты селянін-уласнік, які эксплуатаваў беднякоў; вясковы буржуа. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч.
куламе́са, ‑ы, ж.
Разм.
1. Гразь, змешаная са снегам. // Мяцеліца, мокры снег. Мы крочым, не зважаючы на лужыны і снежную куламесу, не адчуваючы, што прамоклі па пояс, што нашы пінжакі і кашулі расхрысталіся. Кухараў.
2. перан. Неразбярыха, беспарадак. [Кунц:] І, ведаеце, калі я і забываюся часам на гэтую крывавую куламесу, якую мы называем вайной, то толькі ў тыя мінуты, калі гляджу на фота сваіх малых. Губарэвіч.
кула́н, ‑а, м.
Дзікі азіяцкі асёл. Ці многія ведаюць, што тыя ж сухія туркменскія сталы Бадхыза з рэдкімі зараснікамі тамарыску з’яўляюцца ў нас адзіным месцам, дзе можна ўбачыць на волі табуны куланаў — дзікіх аслоў? В. Вольскі.
[Цюрк.]
кула́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кулака 2, належыць яму. Кулацкая гаспадарка. Кулацкі двор. // Які складаецца з кулакоў. Кулацкая хеўра. // Уласцівы кулаку. Кулацкая псіхалогія.
кула́цтва, ‑а, н., зб.
Кулакі (гл. кулак 2). Ліквідацыя кулацтва як класа.
кула́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да кулак 2.