Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

я́рысты, -ая, -ае.

3 вялікай колькасцю яроў, пасечаны ярамі.

Ярыстая мясцовасць.

|| наз. я́рыстасць, -і, ж.

я́рыца, -ы, ж.

Яравое жыта.

ярэ́мны гл. ярмо.

яса́к, -у́, м.

Натуральны падатак у Рускай дзяржаве, які збіралі на карысць казны з народаў Паволжа, Сібіры і Далёкага Усходу.

|| прым. яса́чны, -ая, -ае.

ясака́р, -а і -у, мн. -ы, -аў, м.

1. -а. Дрэва сямейства вярбовых з цёмна-шэрай карой; чорная таполя.

Таўшчэзны камель ясакара.

2. -у. Драўніна гэтага дрэва.

|| прым. ясака́равы, -ая, -ае.

ясака́рнік, -у, м., зб.

Зараснік ясакару.

я́сень, -я і -ю, мн. -і, -яў, м.

1. -я. Высокае дрэва сямейства маслінавых з перыстым лісцем і цвёрдай драўнінай, якая выкарыстоўваецца пры вырабе мэблі.

Спілаваць я.

2. -ю. Драўніна гэтага дрэва.

|| прым. ясянёвы, -ая, -ае (разм.).

яскра́вы, -ая, -ае.

1. Выразны, ясны, яркі.

Яскравыя фарбы.

Яскравае сонца.

2. перан. Пераканаўчы, яркі.

Яскравае сведчанне чаго-н. Я. прыклад.

|| наз. яскра́васць, -і, ж.

я́слі, -яў.

1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе вузкай унізе скрынкі ці рашоткі, нахільна прымацаванай да сцяны.

2. Выхаваўчая ўстанова для самых маленькіх дзяцей, дзе яны знаходзяцца ў час працы бацькоў.

Дзіцячыя я.

Адвесці дзіця ў я.

|| прым. я́сельны, -ая, -ае.

Я. ўзрост (да трох гадоў).

яснаба́чанне, -я, н. (кніжн.).

Незвычайная здольнасць прадбачыць, распазнаваць будучае і з’явы, якія недаступны ўспрыманню звычайнага чалавека.