Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

флі́гель-ад’юта́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

У царскай Расіі: афіцэр у свіце цара, які выконваў абавязкі ад’ютанта, або афіцэр для даручэнняў пры камандуючым арміяй.

|| прым. флі́гель-ад’юта́нцкі, -ая, -ае.

флі́кер, -а, мн. -ы, -аў, м.

Святлоадбівальны элемент, які выкарыстоўваецца для абазначэння пешаходаў у цёмны час сутак.

Насіць ф.

флірт, -у, М -рце, м.

Лёгкае заляцанне, какецтва.

фліртава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; незак., з кім і без дап.

Займацца фліртам.

фло́ра, -ы, ж.

Сукупнасць усіх відаў раслін якой-н. мясцовасці ці геалагічнага перыяду.

|| прым. фларысты́чны, -ая, -ае.

флот, -у, М фло́це, мн. фло́ты, -аў і флаты́, -о́ў, м.

1. Сукупнасць усіх ваенных ці гандлёвых суднаў краіны або асобнага мора, рачнога басейна.

Рачны ф.

Чарнаморскі ф.

2. Буйное злучэнне ваенна-марскіх суднаў.

Паветраны флот — сукупнасць ваенных або грамадзянскіх лятальных апаратаў; авіяцыя.

|| прым. фло́цкі, -ая, -ае.

Ф. экіпаж.

Сышлі на бераг флоцкія (наз.).

флюарагра́фія, -і, ж.

Метад рэнтгеналагічнага даследавання: фатаграфаванне адлюстравання ўнутраных органаў чалавечага цела.

|| прым. флюараграфі́чны, -ая, -ае.

флюга́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Рухомая частка флюгера (у 1 знач.).

2. Флажок або іншы спецыяльны знак на шлюпцы, парусах, буйках і пад., які ўказвае на прыналежнасць да пэўнага судна.

3. Рухомая жалезная надстаўная труба, якая ўстанаўліваецца над дымавой або выцяжной трубой і аблягчае выхад дыму ў ветранае надвор’е.

|| прым. флюга́рачны, -ая, -ае.

флю́гер, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Прыбор для вымярэння напрамку і хуткасці ветру.

2. Флажок, які прымацоўваўся да пікі кавалерыста (гіст.).

3. перан. Пра таго, хто часта мяняе свае погляды, перакананні (неадабр.).

|| прым. флю́герны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

флюі́ды, -аў, адз. флюі́д, -у, м. (кніжн.).

Знешне неадчувальныя плыні, псіхічныя токі, якія зыходзяць ад каго-, чаго-н.

Ад гэтага чалавека ідуць ф. дабра.