Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

рэ́чанька гл. рака, рэчка.

рэ́чачка гл. рака, рэчка.

рэ́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Невялікая рака.

|| ласк. рэ́чачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. і (у народнай славеснасці) рэ́чанька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж.

|| прым. рачны́, -а́я, -о́е.

рэ́чыва, -а, мн. -ы, -аў, н.

Від матэрыі; тое, з чаго складаецца фізічнае цела.

Арганічныя рэчывы.

Выбуховыя рэчывы.

рэчытаты́ў, -ты́ву, м. (спец.).

Напеўная размова ў вакальна-музычным творы.

Чытаць рэчытатывам (нараспеў).

|| прым. рэчытаты́ўны, -ая, -ае.

рэ́чыўны, -ая, -ае.

Які складаецца з рэчыва; матэрыяльны.

Р. свет.

Рэчыўныя назоўнікі — у граматыцы: назоўнікі, якія называюць аднародную масу, рэчыва (напр.: малако, жвір, тытунь).

|| наз. рэ́чыўнасць, -і, ж.

рэ́чышча, -а, мн. -ы, -ышч і -аў, н.

1. Паглыбленне ў грунце, па якім цячэ вадзяная плынь.

Р. ракі.

2. перан. Напрамак, шлях развіцця чаго-н.

Накіраваць гаворку ў патрэбнае р.

У рэчышчы рамантычных традыцый.

рэ́шата, -а, М -шаце, мн. рашо́ты і (з ліч. 2, 3, 4) рэ́шаты, рашо́т і рашо́таў, н.

1. Рэч хатняга ўжытку — нацягнутая на шырокі абруч густая сетка для прасейвання мукі і інш.

Прасеяць муку на р.

У рэшаце ваду насіць (перан.: займацца чым-н. бескарысным, пустой справай; разм.). Галава як р. ў каго-н. (пра таго, хто ўсё забывае, у каго дрэнная памяць; разм.).

2. Прасейвальнае прыстасаванне ў зернеачышчальных, сартавальных і іншых машынах.

Рашоты ў камбайне.

Цуды ў рэшаце (разм., жарт.) — пра што-н. незвычайнае або незразумелае.

|| прым. рашо́тны, -ая, -ае.

рэ́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж. (разм.).

Бок манеты, адваротны гербаваму малюнку.

рэ́шта, -ы, ДМ -шце, ж.

1. Частка чаго-н., якая засталася нявыкарыстанай; астача, астатак.

2. Частка якога-н. адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася нявыкарыстанай ці непераадоленай.

Р. дня.

Р. дарогі.

3. Здача.

Атрымаць рэшту.

Р. з рубля.

У рэшце рэшт

1) у канчатковым выніку.

Доўга ўтлумачвалі, у рэшце рэшт зразумеў;

2) пабочн. сл., тое, што і нарэшце (у 2 і 3 знач.).