Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

рэйд¹, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Водная прастора (каля марскога берага), зручная для стаянкі суднаў.

Стаяць на рэйдзе.

Знешні р. (на падыходах да порта). Унутраны р. (унутры порта).

|| прым. рэ́йдавы, -ая, -ае.

рэйд², -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Набег рухомых ваенных сіл у тыл праціўніка з мэтай ажыццяўлення баявых дзеянняў.

Р. партызанскіх атрадаў.

2. перан. Нечаканая рэвізія, праверка дзейнасці якіх-н. аб’ектаў, што праводзіцца групай актывістаў па заданні грамадскіх арганізацый.

Р. народных кантралёраў.

|| прым. рэ́йдавы, -ая, -ае.

рэ́йдар, -а, мн. -ы, -аў, м.

Ваенны карабель, які вядзе на марскіх шляхах самастойныя аперацыі па знішчэнні транспартных, гандлёвых суднаў праціўніка.

|| прым. рэ́йдарскі, -ая, -ае.

рэ́йка¹, -і, ДМ -йцы, мн. -і, рэ́ек, ж.

1. Плоскі брус, вузкая тонкая дошка.

2. Брус з дзяленнямі для вымярэння вышыні ўзроўню вады, глыбіні снегавога покрыва (спец.).

|| прым. рэ́ечны, -ая, -ае.

рэ́йка², -і, ДМ -йцы, мн. -і, рэ́ек, ж.

1. На чыгуначным пуці: вузкі стальны брус, па якім коцяцца колы цягніка.

Мацаванне рэек да шпал.

2. перан. У некаторых спалучэннях: напрамак, шлях.

Стаць на новыя рэйкі.

На рэйках інтэнсіфікацыі.

На рэйкі чаго, у знач. прыназ. з Р — на які-н. шлях, на пэўны напрамак.

Перавесці вытворчасць на рэйкі аўтаматызацыі.

|| прым. рэ́йкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Рэйкавая дарога (чыгунка). Рэйкавая вайна (у гады Вялікай Айчыннай вайны: дзеянні партызан, якія падрывалі варожыя цягнікі).

рэйкапрака́тны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да вырабу рэек² (у 1 знач.) пракаткай.

Р. завод.

рэйнве́йн, -у, м.

Гатунак вінаграднага віна.

рэйс, -а, мн. -ы, -аў, м.

Шлях транспартнага сродку (судна, самалёта, аўтамабіля) па пэўным маршруце.

Аўтобусны р.

Дальнія рэйсы.

|| прым. рэ́йсавы, -ая, -ае.

рэ́йсавы, -ая, -ае.

1. гл. рэйс.

2. Пра транспартны сродак: які ходзіць па пэўных рэйсах, мае пастаянны маршрут.

Р. аўтобус.

Р. самалёт.

рэйсфе́дар, -а, мн. -ы, -аў, м.

Чарцёжны інструмент для правядзення ліній тушшу.

|| прым. рэйсфе́дарны, -ая, -ае.