капе́йка, -і, ДМ -пе́йцы, мн. -і, -пе́ек, ж.
1. Дробная манета, адна сотая рубля.
Рассыпаць капейкі.
2. зб. Грошы, грашовыя сродкі.
◊
Без капейкі — без якіх-н. сродкаў існавання.
Да (апошняй) капейкі — без астатку патраціць, заплаціць, атрымаць і пад.
Жывая капейка — пра ўсё, што дае даход.
Капейка ў капейку — пры падліку грошай: абсалютна дакладна, колькі патрабуецца.
Ні капейкі (за душой) — зусім няма грошай.
|| памянш. капе́ечка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.
◊
Абысціся ў капеечку — дорага каштаваць.
|| прым. капе́ечны, -ая, -ае.
Капеечная манета.
капельды́нер, -а, мн. -ы, -аў, м.
Тэатральны служачы, які правярае білеты і паказвае гледачам месцы ў зале.
|| ж. капельды́нерка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак (разм.).
|| прым. капельды́нерскі, -ая, -ае.
ка́пелька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж.
1. Маленькая кропля.
Капелькі расы.
Выпіць да капелькі.
2. адз., перан., чаго. Самая малая колькасць чаго-н. (разм.).
У слоіку засталася к. малака.
капельма́йстар, -тра, мн. -тры, -траў, м.
Кіраўнік хору або аркестра; дырыжор.
|| прым. капельма́йстарскі, -ая, -ае.
ка́пельніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.
Тое, што і кропельніца.
ка́пельны, -ая, -ае (спец.).
Тое, што і кропельны.
Капельнае ўвядзенне лякарства.
ка́пер, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Прыватнаўласніцкае судна, якое займалася (да сярэдзіны 19 ст.) з ведама свайго ўрада захопам гандлёвых суднаў праціўніка і нейтральных краін, што перавозілі кантрабандныя грузы для ваюючай краіны.
2. Уладальнік такога судна.
ка́перс, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Паўднёвая паўхмызняковая расліна, якая сцелецца па зямлі.
2. мн. Пупышкі гэтай расліны, якія ў марынаваным выглядзе ўжываюцца як прыправа.
|| прым. ка́персавы, -ая, -ае.
Сямейства каперсавых (наз.).
капе́ц, -пца́, мн. -пцы́, -пцо́ў, м.
1. Месца для захавання на зіму агародніны.
К. бульбы.
2. Насып са слупам як межавы знак.
На мяжы лесу з полем стаялі капцы.
3. Насып, курган.
4. звычайна мн. Смерць, пагібель, канец (разм.).
Тут яму і капцы.
|| прым. капцо́вы, -ая, -ае (да 1—3 знач.).
кап’ё, -я́, мн. ко́п’і і (з ліч. 2, 3, 4) кап’і́, ко́п’яў, н.
1. Даўнейшая колючая або кідальная зброя ў форме доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам.
2. Лёгкаатлетычны снарад (у 3 знач.), а таксама спартыўная дысцыпліна, звязаная з кіданнем гэтага снарада.
Кіданне кап’я.
◊
Ламаць коп’і — спрачацца з-за чаго-н., адстойваць сваю думку.