Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кале́дж

(англ. college)

назва некаторых вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.

калейдаско́п

(ад гр. kalos = прыгожы + eidos = выгляд + skopeo = гляджу)

1) аптычная прылада-цацка, у якой можна наглядаць змену розных каляровых узораў;

2) перан. хуткая змена чаго-н. (напр. к. уражанняў).

кале́ктар

(с.-лац. collector = збіральнік)

1) установа, якая займаецца зборам і размеркаваннем чаго-н. па падведамасных арганізацыях (напр. бібліятэчны к.);

2) шырокі канал або труба для збору і адводу вадкасцей або газаў, што паступаюць з іншых каналаў або труб (напр. каналізацыйны к.);

3) падземная галерэя, якая пракладваецца пад паверхняй вуліц для ўкладкі кабеляў або труб (напр. кабельны к.).

калектыві́зм

(фр. collectivisme, ад лац. collectivus = збіральны)

таварыскае супрацоўніцтва, заснаванае на свядомым падпарадкаванні асабістых інтарэсаў грамадскім.

калёквіум

(лац. colloquium = гутарка)

1) адна з форм вучэбных заняткаў, гутарка выкладчыка са студэнтамі з мэтай выяўлення іх ведаў;

2) навуковая канферэнцыя з абмеркаваннем дакладаў на пэўную тэму.

калі́бр

(фр. calibre, ад ар. kālib = форма, выгляд)

1) дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі;

2) дакладны размер якіх-н. прадметаў вытворчасці (напр. к. цвікоў);

3) перан. памер, велічыня, форма чаго-н. (напр. таленты рознага калібру).

калі́зія

(лац. collisio)

1) вострае сутыкненне супрацьлеглых поглядаў, імкненняў, інтарэсаў (напр. жыццёвая к.);

2) адлюстраванне жыццёвых канфліктаў у мастацкім творы (напр. сюжэтная к.);

3) юр. разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, судовых рашэнняў розных дзяржаў.

кало́нія

(лац. colonia = пасяленне)

1) краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца якой-н. дзяржавай;

2) пасяленне перасяленцаў з іншай краіны, вобласці;

3) згуртаванне землякоў у чужым горадзе, чужой краіне;

4) месца жыхарства асоб, паселеных разам з пэўнай мэтай (лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай);

5) сукупнасць арганізмаў, якія жывуць злучаныя адзін з адным (напр. к. каралаў).

кало́с

(гр. kolossos = вялікая статуя)

1) статуя, калона велізарных памераў (напр. к. Радоскі);

2) перан. значная ў якой-н. галіне дзейнасці асоба (напр. к. навукі);

к. на гліняных нагах — што-н. велічнае з выгляду, але слабае ўнутры, гатовае разваліцца.

калумба́рый

(лац. columbarium)

месца для захоўвання урнаў з прахам пасля крэмацыі.