Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зі́бенбунд

(ням. Siebenbund)

палітычны саюз сямі швейцарскіх кантонаў у 1830—1840-я гг., заснаваны з мэтай узмацнення цэнтралізацыі дзяржавы і дэмакратызацыі яе палітычнага ладу (параўн. зондэрбунд).

зігага́мія

(ад гр. zygon = пара, двое + -гамія)

тып палавога працэсу ў ніжэйшых грыбоў (зігаміцэтаў) і зялёных водарасцей (кан’югатаў).

зігаміцэ́ты

(н.-лац. zygomycetes, ад гр. zygon = пара, двое + mykes, -etos = грыб)

клас ніжэйшых грыбоў, для якога характэрна размнажэнне ў выніку зігагаміі; пашыраны па ўсім зямным шары; пераважна сапратрофы, ёсць паразіты, зігаміцэтавыя грыбы.

зігамо́рфны

(ад гр. zygon = пара, двое + -морфны)

які мае дзве формы;

з-ая кветка — кветка, праз якую можна правесці толькі адну плоскасць сіметрыі, што дзеліць кветку на дзве роўныя часткі, напр. кветка анюціных вочак браткоў (параўн. актынаморфны).

зігаспо́ра

(ад гр. zygon = пара, двое + спора)

спора, якая ўтвараецца ў выніку зліцця дзвюх аднолькавых па знешняму выгляду палавых клетак у некаторых водарасцяў і грыбоў.

зігза́г

(фр. zigzag, ад ням. Zickzack)

1) ломаная лінія; тое, што мае форму ломанай лініі (напр. з. маланкі, барана-з.);

2) перан. рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце (напр. з. лёсу).

зігмаіпы́на

(ням. Siekenmaschine)

ролікавая машына для згібання ліставога металу, утварэння на ім выступаў і паглыбленняў.

зігне́ма

(н.-лац. zygnema)

ніткаватая зялёная водарасць сям. зігнемавых, якая пашырана ў прэсных вадаёмах.

зіго́та

(гр. zygotos = злучаны)

клетка, якая ўтвараецца ў выніку зліцця дзвюх палавых клетак (гамет) у працэсе апладнення жывёл і раслін.

зізі́фус

(н.-лац. zizyphus)

дрэвавая або кустовая расліна сям. крушынавых з яйцападобным лісцем і вострымі парнымі шыпамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках; некаторыя віды культывуюцца дзеля буйных салодкіх ядомых пладоў.