Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

камба́йн

(англ. combine)

складаная машына, якая адначасова выконвае некалькі розных аперацый (напр. збожжаўборачны к., горны к.).

камба́йнер

(англ. combiner)

механізатар, які працуе на збожжаўборачным камбайне.

ка́мбала

(рус. камбала, ад фін. kampala)

прамысловая марская рыба сям. камбалавых са сплюснутым целам і вачамі на адным баку.

камбата́нты

(фр. combattant = воін)

асобы ў міжнародным праве, якія ў час вайны ўваходзяць у склад узброеных сіл і непасрэдна прымаюць удзел у ваенных дзеяннях (параўн. нонкамбатанты).

камбі́зм

(англ. cambizm)

стратэгія валютных аперацый, сутнасць якіх заключаецца ў пошуку найбольш эфектыўных метадаў пераводу сродкаў у іншую краіну.

ка́мбій

(н.-лац. cambium)

тканка ў сцёблах і каранях голанасенных і двухдольных раслін, размешчаная паміж драўнінай і лубам, якая абумоўлівае рост у таўшчыню.

камбінава́ць

(лац. combinare = звязваць, спалучаць)

1) злучаць розныя элементы ў пэўных суадносінах, размяшчаць у пэўным парадку (напр. к. фарбы);

2) рабіць, прыдумваць камбінацыі 2, 3.

камбіна́т

(п.-лац. combinatus = злучаны)

1) аб’яднанне прамысловых прадпрыемстваў розных галін, у якім прадукцыя аднаго прадпрыемства служыць сыравінай або паўфабрыкатам для другога (напр. цэлюлозна-папяровы к.);

2) аб’яднанне некалькіх прадпрыемстваў мясцовай прамысловасці або прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання;

3) аб’яднанне навучальных устаноў розных ступеней пры якім-н. прадпрыемстве (вучэбна-вытворчы к.).

камбіна́тар

(фр. combinateur)

спрытны дзялок, які дасягае мэты шляхам лоўкіх аперацый, хітрыкаў.

камбінато́рны

(ад лац. combinare = звязваць, спалучаць)

1) які адносіцца да камбінаторыкі (напр. к. аналіз);

2) лінгв. пазіцыйны; які залежыць ад пазіцыйнага становішча гукаў і іх артыкуляцыйнага ўзаемадзеяння (гл. алафон).