кало́рыя
(ад лац. calor, -loris = цеплыня)
пазасістэмная адзінка вымярэння колькасці цеплыні, роўная 4,1868 джоўля.
кало́с
(гр. kolossos = вялікая статуя)
1) статуя, калона велізарных памераў (напр. к. Радоскі);
2) перан. значная ў якой-н. галіне дзейнасці асоба; што-н. велічнае (напр. к. навукі);
к. на гліняных нагах — што-н. велічнае з выгляду, але слабае ўнутры, гатовае распасціся.
кало́трыкс
(н.-лац. calothrix)
ніткаватая сіне-зялёная водарасць сям. рывулярыевых, якая трапляецца на водных раслінах, на ракавінах малюскаў, на камянях у прыбярэжнай зоне, часам у планктоне прэсных і марскіх вадаёмаў.
кало́ты
(н.-лац. calotes)
яшчаркі сям. агамавых з кароткай галавой і доўгімі канечнасцямі і хвастом, пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, жывуць на дрэвах у лясах.
кало́цыбе
(н.-лац. calocybe)
шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых, які расце на ламаччы, лясным подсціле, глебе.
кало́цэра
(н.-лац. calocera)
базідыяльны грыб сям. дакрыміцэвых, які развіваецца на рэштках драўніны, пераважна хвойных парод.
калумба́рый
(лац. columbarium)
месца для захоўвання урнаў з прахам пасля крэмацыі.
калумбі́т
(ад англ. Columbia = назва акругі ў ЗША)
тое, што і ніабіт.
ка́лус
(лац. callus = тоўстая скура, мазоль)
тканка, якая развіваецца ў месцах пашкоджання органаў раслін, на прывіўках прышчэпках або ў культуры ізаляваных тканак.
калхіцы́н
(н.-лац. colchicum, ад гр. kolchikon = пазнацвет)
алкалоід, які змяшчаецца ў колхікуме; выкарыстоўваецца ў медыцыне.