Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вальварые́ла

(н.-лац. volvariella)

шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых, які расце на ўгноенай глебе, мёртвай драўніне; некаторыя віды ядомыя.

вальва́ты

(н.-лац. valvatidae)

сямейства прэснаводных пярэднежаберных малюскаў класа бруханогіх; кормяцца рэшткамі раслін і жывёл.

вальва́цыя

(фр. évaluation = ацэнка)

вызначэнне каштоўнасці іншаземнай валюты ў грашовай адзінцы пэўнай дзяржавы не па яе наміналу, а па вазе змешчанага ў ёй валютнага металу (золата, серабра).

вальве́нты

(лац. volvens, -ntis = які абвівае)

жыгучыя клеткі ў некаторых кішачнаполасцевых.

вальво́кс

(н.-лац. volvox, ад лац. volvere = закручваць)

каланіяльная зялёная водарасць сям. вальвоксавых, якая пашырана ў сажалках, старыцах, мелкаводных азёрах.

вальдма́йстар

(ад ням. Wald = лес + Meister = майстар)

чыноўнік у Расійскай імперыі, які загадваў казённымі лясамі.

вальдшнэ́п

(ням. Waldschnepfe)

птушка атрада сеўцападобных, якая жыве ў лясах, дзе ёсць ручаі, балоты; аб’ект спартыўнага палявання; слонка.

вальдэ́нсы

(п.-лац. valdenses, ад фр. P. Valdo = прозвішча ліёнскага купца 12 ст.)

рэлігійная секта, якая ўзнікла ў канцы 12 ст. на поўдні Францыі і прапаведавала адмаўленне ад прыватнай уласнасці, вяртанне да ранняга хрысціянства; некаторыя абшчыны захаваліся (пераважна ў Італіі) і зараз.

валье́ра

(фр. volière)

агароджаная пляцоўка для ўтрымання птушак або звяроў (у запаведніку, заапарку і інш.).

валькаме́рыя

(ням. Volkameria, ад Volckamer = назва мясцовасці ў Германіі)

дэкаратыўная форма клерадэндруму з белымі або блакітнымі пахучымі кветкамі.