Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гвая́кавы

(ад гваяк)

які мае адносіны да гваяка (напр. г-ая смала).

гваяко́л

(ад гваяк)

арганічнае злучэнне араматычнага рада, метылавы эфір піракатэхіну, які змяшчаецца ў букавым дзёгці, гваякавай смале і інш.; выкарыстоўваецца ў медыцыне.

гве́льфы

(іт. Guelfi)

палітычная групоўка ў Італіі ў 12—15 ст., якая змагалася супраць намаганняў імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» і іх прыхільнікаў гібелінаў зацвердзіць уладу на Апенінскім паўвостраве; выражала інтарэсы папаланаў.

геа-

(гр. ge = Зямля)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «звязаны з Зямлёй, з навукай аб Зямлі».

геааку́стыка

(ад геа- + акустыка)

навука, якая даследуе гукавыя, інфрагукавыя і ультрагукавыя з’явы ў зямной кары.

геаантыкліна́ль

(ад геа- + антыкліналь)

горны масіў, які ўтвараецца ў межах геасінклінальнай (гл. геасінкліналь) вобласці.

геабата́ніка

(ад геа- + батаніка)

раздзел батанікі, які вывучае пашырэнне і размеркаванне раслін на паверхні Зямлі ў залежнасці ад клімату, асаблівасцей глебы, рэльефу і інш.

геабіёнты

(ад геа- + біёнты)

пастаянныя насельнікі глебы (дажджавыя чэрві, першаснабяскрылыя насякомыя і інш.).

геагельмі́нты

(ад геа- + гельмінты)

група паразітычных чарвей чалавека і жывёл, якія развіваюцца без удзелу прамежкавых гаспадароў непасрэдна ў грунце, гною і іншых субстратах (параўн. біягельмінты).

геагігіе́на

(ад геа- + гігіена)

навука, якая вывучае змены ў жывой і нежывой прыродзе як вынік дзейнасці чалавека на Зямлі.