Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

салі́дус

(лац. solidus = цвёрды)

крывая лінія на дыяграме стану і структуры сплаваў, якая характарызуе, у адрозненне ад ліквідуса, тэмпературы канца крышталізацыі.

са́лінг

(гал. saling)

мар. драўляная рама на верхнім канцы стэньгі для злучэння апошняй з брам-стэньгай і мацавання верхніх снасцяў паруснага судна.

саліпсі́зм

(ад лац. solus = адзін + ipse = сам)

форма суб’ектыўнага ідэалізму, якая прызнае адзінай рэальнасцю толькі свядомасць індывіда і адмаўляе існаванне аб’ектыўнай рэчаіснасці.

салісі́тар

(англ. solicitor)

1) адвакат ніжэйшага рангу ў Англіі, які не мае права весці справы ў вышэйшых судах;

2) спецыяльная юрыдычная пасада пры ўрадах або дэпартаментах некаторых краін.

салі́ст

(іт. solista, ад лац. solus = адзін)

спявак, музыкант ці балетны артыст, які выступае адзін.

салітэ́р

(фр. solitaire, ад лац. solitarius = адзінокі)

1) буйны брыльянт у аправе;

2) адзіночныя пасадкі дрэў, кустоў або кветкава-дэкаратыўных раслін, якія вызначаюцца памерамі, формай, афарбоўкай і іншымі дэкаратыўнымі прыкметамі.

саліфлю́кцыя

(ад лац. solum = глеба + fluctio = выцяканне)

спаўзанне ўвільготненых гліністых і пылаватых грунтаў грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання.

саліцёры

(фр. solitaire, ад лац. solitarius = адзінокі)

сямейства гельмінтаў класа цэстодаў, паразітуюць у органах і тканках птушак, млекакормячых, чалавека; цэпені.

саліцы́лавы

(ад лац. salix, -icis = вярба + гр. yle = рэчыва);

с-ая кіслата — арганічнае злучэнне, якое выкарыстоўваецца для прыгатавання лекавых рэчываў і фарбавальнікаў.

саліцыла́ты

(ад лац. salix, -icis = вярба + гр. yle = рэчыва)

лекавыя прэпараты саліцылавай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца як процірэўматычныя, болесуцішальныя і гарачкапаніжальныя сродкі.