Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнути ‘высахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Смя́глы. Гл. смаглы.

Смя́дзіць (сьмя́дзіць) ‘чадзіць, дыміць’ (Бяльк.), ‘рабіць смуглым’ (Стан.), сюды ж смя́ды (сьмя́ды) ‘чарнявы, смуглы’ (там жа), засмя́дзіць ‘абпаліць’ (Бяльк.), ст.-бел. смѣдыи, смедыи ‘пачарнелы, смуглы’: смеда есмъ, понеже ожьгло мѧ солнъце (Скарына; Карскі 2-3, 476), смядость ‘чарната, смугласць’ (Ст.-бел. лексікон), смѧдъ ‘пачарнелы, смуглы’ (Альтбаўэр), Смядынь — рака ў Смаленскай вобл. (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. сня́діти ‘плеснявець, пакрывацца сліззю’, сни́діти ‘выцвітаць; рабіцца брудным, іржавым’, рус. Смедва, Смедовка — назвы рэк у Тульскай і Разанскай губ., польск. śniedzieć ‘пакрывацца вокіслам медзі’, старое śmiady ‘смуглы’, чэш. snědý ‘смуглы’, старое smědý ‘цёмна-карычневы’, славац. snedý ‘тс’, славен. smẹ̑d ‘тс’, серб.-харв. сме̏ђ ‘карычневы, кары; смуглы, гнеды’. Прасл. *směditi, *smědъ(jь), роднаснае гоц. bi‑smeiten ‘запляміць, пэцкаць’, ст.-в.-ням. smīzan ‘фарбаваць, мазаць; біць, удараць’, англ.-сакс. smittian ‘запляміць, запэцкаць’, smitte ‘пляма’ < і.-е. *smeid‑, гл. Покарны, 966. Збліжаюць таксама з *mědь (Брукнер, 633; Бернекер, 2, 46), з літ. smėlus ‘светла-шэры’, pasmėlęs ‘карычняваты’, літ. smélti ‘цямніць, брудзіць, бляднець’ < і.-е. *smel‑ ‘тлець, жэўраць’, ад якога і *smaliti, гл. смаліць (Махэк₂, 662). Гл. Фасмер, 3, 684; Бязлай, 3, 269; Глухак, 565; ЕСУМ, 5, 339.

Смярдзе́ць ‘вылучаць смурод, дрэнна пахнуць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смердзе́ць ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. смерді́ти, рус. смерде́ть, стараж.-рус. смьрдѣти, польск. śmierdzieć, в.-луж. smjerdźić, н.-луж. smerźiś, чэш. smrděti, славац. smrdieť, серб.-харв. смр́дјети, славен. smrdẹ̑ti, балг. смърдя, макед. смрди, ст.-слав. смрьдьти. Прасл. *smьrděti дакладна адпавядае літ. smìrdéti, лат. smir̂dêt ‘смярдзець’, лац. merda ‘кал, нечыстоты’ ад і.-е. *smerd‑ ‘смярдзець’, гл. Траўтман, 271; Мюленбах-Эндзелін, 3, 965; Махэк₂, 561; Фасмер, 3, 685; Шустар-Шэўц, 1321; Сной₁, 586; ЕСУМ, 5, 317. Параўн. смерд, смурод.

Смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.). Гл. смерць2.

Смяртэ́льны ‘смяротны, смертны’ (ТСБМ, Нас.), ‘невыносны (пра боль)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж смяртэ́льнічкі ‘абутак для нябожчыка’ (там жа), смерце́льно ‘смяротна’, смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.), ‘незапамінайка’ (Жд. 2), ст.-бел. смертелный (смертельный) ‘смяротны’. Запазычана з ст.-польск. śmiertelny ‘тс’, што ў сваю чаргу з ст.-чэш. smrte(d)lný ‘тс’, якое тлумачыла лац. mortalis ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 57; Булыка, Лекс. запазыч., 196; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 381). З той жа крыніцы, відаць, праз старабеларускую, рус. смерте́льный ‘тс’ (Віткоўскі, Słownik, 175; Фасмер, 3, 685). Народнае смяро́тны ‘смяртэльны, смертаносны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Растарг.) утворана ад *смерота, параўн. экспрэсіўнае (табуізаванае?) смяро́тка ‘смертухна’ (Ласт., Некр. і Байк.), што да смерць (гл.). Непасрэдныя ўтварэнні ад апошняга смярце́нны ‘смяротны’ (Ян.), сме́ртны ‘тс’ (ТСБМ), ст.-бел. смертныи (смерʼтныи) ‘тс’ (Альтбаўэр).

Смя́так ‘згушчэнне чаго-небудзь вадкага; вільгаць толькі што зрубленага дрэва’ (Нас.), смя́тка ‘недавараная частка яйца’ (Сцяц.). Рус. смя́тка ‘вадкі, некруты стан (аб яйку)’. Ад месці (гл.); Праабражэнскі, 2, 343; Фасмер 3, 695.

Смята́на ‘густы і тоўсты верхні слой сквашанага малака’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ), ‘вяршкі’ (Гарэц.; ашм., Стан.), ‘страва з цёртага канаплянага семя’ (ЛА, 1, 4; Сл. ПЗБ, ТС), смята́нка ‘вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. смета́на, польск. śmietana, ст.-польск. śmiotana, дыял. smiętana, каш. sḿotana, в.-луж. smjetana, н.-луж. sḿetana ‘расліна Ulmaria pentapetala’, zmjatana ‘вяршкі’, чэш., славац. smetana ‘вяршкі’, серб.-харв. сметана, славен. smẹ́tanẹ́a, харв. дыял. smȅtana, балг. смета́на. Прасл. *sъmetana выводзяць ад форм, роднасных прасл. *metati (гл. мята́ць1), *sъmetati, г. зн. ‘знімаць, скідваць’, параўн. макед. сметина ‘тс’. Насавы ę ў польск. дыял. smiętana тлумачаць другаснай назалізацыяй, як у między ‘паміж’. Але паколькі існуе рум. smîntînă ‘смятана’, smîntîresc ‘знімаць вяршкі’, якія выводзяцца з славянскіх форм, можа быць узноўлена прасл. *sъmętana, што збліжаецца з ст.-слав. мѧсти, мѧтѫ ‘мяшаць’; гл. Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181–182. Далей мяркуюць, што вельмі рана ę і n у гэтым слове дысіміляваліся, што дало прасл. *sъmetana. Гл. Фасмер, 3, 686–687; Брукнер, 533; Махэк₂, 560; Сной₁, 584–585; Шустар-Шэўц, 1321; Борысь, 618; ЕСУМ, 5, 320. Паводле Развадоўскага (Wybór, 1, 289–291), абедзве формы слова паралельныя, пры гэтым форма з насавым лічыцца дыялектнай (гл. Слаўскі, SP, 1, 132; Новое в рус. этим., 212).

Смята́нік ‘дзядкі аптэчныя, Agrimonia eupatoria L.’ (Касп., Кіс. маг.). Укр. смета́нник ‘тс’, польск. дыял. śmietannik ‘тс’, таксама і інш. расліны: Trifolium montanum, Lilium martagon, н.-луж. snietana ‘вятроўнік вязалісты, Filipendula ulmaria Maxim.’. Праабражэнскі (2, 335) утварае ад sъmetana (гл.), гл. таксама Гаўлава (Studia Etym. Brun., 3, 99), якая сцвярджае, што мар. smetaník ‘таемнік, Lathrae squamaria L.’ даваўся каровам пасля піцця, каб яны давалі тлустае малако. ЕСУМ (5, 320) тлумачыць выкарыстаннем расліны для выпарвання збанкоў для малака.

Смята́нка памянш. ‘смятана’, ‘верхні густы і тоўсты слой малака, вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Да смятана (гл.); у другім значэнні паланізм, параўн. польск. śmietanka ‘вяршкі’.