Смята́на ‘густы і тоўсты верхні слой сквашанага малака’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Бяльк.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ), ‘вяршкі’ (Гарэц.; ашм., Стан.), ‘страва з цёртага канаплянага семя’ (ЛА, 1, 4; Сл. ПЗБ, ТС), смята́нка ‘вяршкі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Параўн. укр., рус. смета́на, польск. śmietana, ст.-польск. śmiotana, дыял. smiętana, каш. sḿotana, в.-луж. smjetana, н.-луж. sḿetana ‘расліна Ulmaria pentapetala’, zmjatana ‘вяршкі’, чэш., славац. smetana ‘вяршкі’, серб.-харв. сметана, славен. smẹ́tanẹ́a, харв. дыял. smȅtana, балг. смета́на. Прасл. *sъmetana выводзяць ад форм, роднасных прасл. *metati (гл. мята́ць 1), *sъmetati, г. зн. ‘знімаць, скідваць’, параўн. макед. сметина ‘тс’. Насавы ę ў польск. дыял. smiętana тлумачаць другаснай назалізацыяй, як у między ‘паміж’. Але паколькі існуе рум. smîntînă ‘смятана’, smîntîresc ‘знімаць вяршкі’, якія выводзяцца з славянскіх форм, можа быць узноўлена прасл. *sъmętana, што збліжаецца з ст.-слав. мѧсти, мѧтѫ ‘мяшаць’; гл. Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181–182. Далей мяркуюць, што вельмі рана ę і n у гэтым слове дысіміляваліся, што дало прасл. *sъmetana. Гл. Фасмер, 3, 686–687; Брукнер, 533; Махэк₂, 560; Сной₁, 584–585; Шустар-Шэўц, 1321; Борысь, 618; ЕСУМ, 5, 320. Паводле Развадоўскага (Wybór, 1, 289–291), абедзве формы слова паралельныя, пры гэтым форма з насавым лічыцца дыялектнай (гл. Слаўскі, SP, 1, 132; Новое в рус. этим., 212).