*Мята́ць 1, мята́цца ’мільгаць блізка, перад вачыма’ (Юрч.), укр. мета́ти, рус. мета́ть (мечу́), польск. miotać ’кідаць’, палаб. micĕ ’шпурляе’, н.-луж. mjetaś, в.-луж. mjetać, чэш. metati, славац. metať, славен. méȧti, metáti, серб.-харв. мѐтати, ’кідаць’, ’падаваць’, макед. метка се ’кідацца, мільгаць, матляцца’, мета, балг. метка ’кіну’, ст.-слав. метати ’кідаць’. Прасл. metati. І.‑е. адпаведнікі: літ. mèsti ’кідаць’, лат. mest ’тс’, mets ’куча збожжа’ (Бернекер, 2, 41; Траўтман, 183; Фасмер, 2, 614). Дапускаецца роднаснасць з ме́сці (гл.). Іншая ступень вакалізму — motati > матаць (гл.). Сюды ж мята́льнік ’фокуснік’, мята́льніца ’жанчына, якая бегае без толку’, ’непаседа’, ’якая ўмешваецца не ў свае справы’ (Нас.), мяту́цца ’кінуцца ў якім-небудзь напрамку’ (ТСБМ, Растарг.).
Мята́ць 2, міта́ць ’месці’ (мін., КЭС). Да ме́сці (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)