Сма́га1 ‘моцнае жаданне піць’, ‘недахоп вільгаці, суша, спёка’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Пятк. 2, Шат., Нік. Очерки, Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), сма́га, сьмя́га ‘тамленне, млосць’, сма́га ‘белы згустак на губах’ (Ласт., Варл.), ‘засмягласць вуснаў пры гарачцы’, ‘іржа на збожжы’ (Арх. Федар.), ‘марыва ад спёкі’, ‘загар’ (Гарэц.), сма́гнуць ‘знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні’, ‘перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот)’ (ТСБМ, Шат., Касп., Бяльк.; драг., З нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ), ‘марнець’ (ганц., Сл. ПЗБ), сма́жыць ‘гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.)’, безас. ‘пра сухасць у роце, выкліканую смагай’, ‘апякаць прамянямі, паліць (пра сонца)’ (ТСБМ, Нас., Байк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Укр. сма́га, сма́гнути, сма́жити ‘тс’, рус. зах., паўд. сма́га, сма́гнуть, смя́гнуть, сма́жить ‘тс’, стараж.-рус., ст.-рус., ц.-слав. смага ‘агонь; сухасць; гарачка’, ст.-польск. smaga ‘сухасць у роце’, smażyć ‘сушыць, падпякаць’, в.-луж. smaha ‘загар’, smahnyć, smažíc, н.-луж. smaga ‘апёк; поле пад парам’, smagnuś, smažyś, чэш. старое smaha, smáha ‘пах нечага спаленага’, smahnouti ‘сохнуць, сушыцца’, славац. smažiť ‘сушыць’ харв. дыял. smȁga ‘вялікая прагавітасць’, серб.-харв. сма̀гнути ‘пацямнець, загарэць’, славен. smága ‘смуглая скура’, smágniti ‘тужыць’. Цяжка звесці да адной праформы. Прасл. *smaga выводзяць з *smažiti ‘сушыць на сонцы’ па тыпу *slava*slaviti (гл. Бязлай, 3, 268), параўноўваюць з літ. smogóti ‘сушыць’ (гл. Рэйзак, 584), дзе кароткая ступень вакалізму суадносіцца з *smagnǫti ‘тс’. Вакалізм славянскіх слоў тлумачыцца ўплывам *pražiti ‘пражыць’ і роднасных, аднак поўнасцю прыняць версію перашкаджаюць формы з каранёвым ‑o‑ (гл. смаголь). Махэк₂ (559) набліжае гэтыя словы да ням. schmachten ‘сохнуць, мучыцца смагай або голадам’. Гл. Фасмер, 3, 663 з іншай літ-рай, Шустар-Шэўц, 1317. Міклашыч (311) і Праабражэнскі (2, 333) адносяць сюды ж смуглы (гл.) з іншай ступенню чаргавання. Паводле Куркінай (Этимология–1985, 11), для праславянскага стану характэрна этымалагічнае гняздо з чаргаваннем асноў *smeg‑/*smog‑/*smaga. Гл. яшчэ смяга.

Сма́га2, смага́ ‘налёт пылу, копаці’ (смарг., чэрв., Сл. ПЗБ). Семантычная кантамінацыя смага і смуга (гл.).

Сма́га3 ‘гора, бяда’, сма́гнуць ‘гараваць, бедаваць’ (слуц., Моўныя адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 268), сма́га ‘гора, бяда, няшчасце’ (Сл. рэг. лекс.). Параўн. укр. дыял. смага́ ‘бяда’. Няясна; магчыма, працяг семантычнага развіцця смага1 (гл.), сма́гнуць. Параўн. ЕСУМ, 5, 315.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)