Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смы́жыць ‘цягнуць; цягацца па свеце, мыкацца’ (Ласт.), ‘гатаваць ежу’ (Жд. 3), ‘курыць’ (Яўс.). Калі прыняць за зыходнае значэнне ‘курыць’, то, хутчэй за ўсё, суадносіцца з прасл. *smyzъ (гл. наступнае слова), што працягвае і.-е. *smū‑gʼ‑/*smeu‑gʼ ‘туман, дым’ (гл. ЭССЯ, 8, 46). Нельга выключыць таксама ўплыў гукапераймальных слоў тыпу цмыг, цмыгаць (гл.).

Смыза́ ‘імжа’ (ашм., Сл. ПЗБ), ‘мноства, цьма машкары’ (ашм., ЛА, 5). Параўн. укр. смиз ‘увярэднік, Pedicularis L.’, што дазваляе суаднесці з хмыз (хміз) ‘сухія сцяблі хмелю’, хмыза́ (хмуза́) ‘гушчар, хмызняк’ (ТС), якія ўзводзяцца да *smyzъ < і.-е. *smū‑gʼ/*smeu‑gʼ, параўн. ням. Schmauch ‘густы дым’, англ. smoke ‘дым’. Пра суадноснасць значэнняў ‘дым, туман’ — ‘зараслі’ гл. ЭССЯ, 8, 46. Значэнне ‘машкара’ развілося, магчыма, пад уплывам *gъmyzъ, параўн. гмыз ‘насякомыя’ (Ласт.), падрабязней пра яго гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 207–208.

Смык1 ‘прыстасаванне для ігры на струнных інструментах’, старое ‘прымітыўная барана’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2, Бяльк., Байк. і Некр.), ‘калодзежны журавель’ (івян., стаўб., глус., ДАБМ, камент., 810; Янк. 2, Сл. рэг. лекс.), смыч ‘тс’ (шчуч., Нар. сл.), ‘пугаўё’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘дэталь (дужка) у прымітыўным такарным станку’, ‘прылада для лоўлі бадзяжных сабак’ (Скарбы), смычо́к ‘смык (у музычных інструментах)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘прылада для трапання шэрсці’ (ТСБМ). Укр. смик ‘смык; вага калодзежнага жураўля’, рус. зах., паўн. смык ‘смык; від бараны’, смычо́к ‘смык (муз.)’, стараж.-рус. смыкъ ‘струнны музычны інструмент’, смычькъ ‘музыкант, які грае на смыкѣ’, польск. smyk ‘смык (муз.); від саней’, smyczek ‘смык’ , н.-луж., в.-луж. smyk ‘смык (муз.)’, чэш. smyk ‘валакуша, лесаспуск’, cmyčec ‘смык (муз.)’, славац. smyk ‘валакуша’. Прасл. *smykъ і *smyčьkъ; паводле Борыся (564), позняя праславянская інавацыя ад прасл. *smykati (гл. смыкаць). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 341; Фасмер, 3, 695; Махэк₂, 384–385; ЕСУМ, 5, 320; Трубачоў, Ремесл. терм., 128 (рэканструюе зыходнае *sъmъkъ).

Смык2 ‘перашыек’ (слаўг., Яшк.), смы́чка ‘невялікае паселішча паміж дзвюма вёскамі (ушац., Нар. лекс.). Параўн. укр. смик ‘павадок для паляўнічых сабак’, рус. смык ‘стык’, польск. smyk, smycz ‘павадок’, чэш. smyčka ‘пятля’. Дэрываты ад прасл. *sъmykati ‘замыкаць, злучаць’ (Борысь, 564; ЕСУМ, 5, 320–321).

Смы́каць ‘выскубваць, шчыпаць, тузаць’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Ласт., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ТС), ‘часаць’ (Уладз.). Параўн. укр. сми́кати ‘тс’, рус. дыял. смы́кать ‘тузаць, праць, церці’, польск. smykać ‘тузаць, зрываць’, чэш. smýkati ‘цягнуць, валачыць’, славац. smýkat’ ‘тс’, в.-луж. smykać ‘слізгаць’, н.-луж. śmykaś ‘соўгаць, тачыць’, серб.-харв. сму́цати ‘сцягваць, зрываць’. Прасл. *smykati, роднаснае літ. šmùkti ‘спаўзаць, спадаць’, лат. šmukt ‘уцякаць, саслізгваць’ < і.-е. *(s)meuk‑/*(s)meug‑ (Фасмер, 3, 694–695; Шустар-Шэўц, 1325–1326; SEK, 4, 325–326). Гл. таксама формы без рухомага s‑ пад мыкаць2.

Смы́кса ‘пахатуха (хто ходзіць па хатах)’ (бяроз., ЖНС; брэсц., З нар. сл.), смэ́кса ‘тс’ (кобр., ЛА, 3). Да смыкаць (гл.).

Смыле́ць ‘балець, пячы, гарэць’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘прыпальвацца’ (Нас., Касп.), ‘абсмальвацца (пра валасы, шэрсць)’ (Нас., Касп.; ашм., Стан.), сюды ж, відаць, смыле́ць ‘бегчы, ляцець’ (ТС), смыля́ць ‘кідаць, шпурляць; біць, лупцаваць’ (Юрч.), смыль ‘пах гарэлага’ (Нас.). Звязана чаргаваннем з смаліць (гл.).

Смылікі́ ‘гарэлкі (гульня)’ (Касп.). Да смылець (гл.), аналагічна гарэлкі < гарэць (гл.).

Смысл ‘розум’ (Нас.), смы́сліць ‘разумець, цяміць’ (Нас.), змысл ‘сэнс’ (Байк. і Некр.), смы́сел ‘сэнс, значэнне; розум’, смы́сьліць ‘разумець, цяміць’ (Некр. і Байк.), змысьля́ць ‘здумляць’ (Ласт.). Параўн. укр. смисл ‘сэнс, разуменне, сутнасць, карысць’, ‘сэнс, розум’, рус. смысл, смы́слить ‘разумець’, польск. smysl, zmysł ‘адчуванне, розум, сэнс’, н.-луж., в.-луж. zmysł ‘тс’, чэш. smysl ‘тс’, славац. zmysel ‘сэнс, розум, адчуванне, разуменне’, серб.-харв. сми̑сао ‘сэнс, значэнне, схільнасць’, славен. smísel ‘сэнс’, балг. сми́съл ‘сэнс, мэта, змест, карысць’, ст.-слав. съмыслъ ‘думка, намер, погляд’. Поствербальнае ўтварэнне ад *sъmysliti < mysliti (гл. мысль) (Махэк₂, 385). Гл. яшчэ Сной₁, 585.

Смы́чаны толькі мн. л. ‘атрэп’е’ (карэліц., Шатал.). Да смык, смыкаць (гл.).

Смычо́к. Гл. смык1.