Смык 1 ‘прыстасаванне для ігры на струнных інструментах’, старое ‘прымітыўная барана’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2, Бяльк., Байк. і Некр.), ‘калодзежны журавель’ (івян., стаўб., глус., ДАБМ, камент., 810; Янк. 2, Сл. рэг. лекс.), смыч ‘тс’ (шчуч., Нар. сл.), ‘пугаўё’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘дэталь (дужка) у прымітыўным такарным станку’, ‘прылада для лоўлі бадзяжных сабак’ (Скарбы), смычо́к ‘смык (у музычных інструментах)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘прылада для трапання шэрсці’ (ТСБМ). Укр. смик ‘смык; вага калодзежнага жураўля’, рус. зах., паўн. смык ‘смык; від бараны’, смычо́к ‘смык (муз.)’, стараж.-рус. смыкъ ‘струнны музычны інструмент’, смычькъ ‘музыкант, які грае на смыкѣ’, польск. smyk ‘смык (муз.); від саней’, smyczek ‘смык’ , н.-луж., в.-луж. smyk ‘смык (муз.)’, чэш. smyk ‘валакуша, лесаспуск’, cmyčec ‘смык (муз.)’, славац. smyk ‘валакуша’. Прасл. *smykъ і *smyčьkъ; паводле Борыся (564), позняя праславянская інавацыя ад прасл. *smykati (гл. смыкаць). Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 341; Фасмер, 3, 695; Махэк₂, 384–385; ЕСУМ, 5, 320; Трубачоў, Ремесл. терм., 128 (рэканструюе зыходнае *sъmъkъ).
Смык 2 ‘перашыек’ (слаўг., Яшк.), смы́чка ‘невялікае паселішча паміж дзвюма вёскамі (ушац., Нар. лекс.). Параўн. укр. смик ‘павадок для паляўнічых сабак’, рус. смык ‘стык’, польск. smyk, smycz ‘павадок’, чэш. smyčka ‘пятля’. Дэрываты ад прасл. *sъmykati ‘замыкаць, злучаць’ (Борысь, 564; ЕСУМ, 5, 320–321).