Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Смугу́н ‘дыван, тканы ў палосы’ (Сл. Брэс.; малар., Сакал.). Да смуга (гл.).

Смужня́к ‘грузкае балота’, ‘невысокі хваёвы лес, што расце на балоцістым месцы’ (ваўк., люб., Сл. ПЗБ), смыжня́к ‘зараслі, парасля’ (Арх. Федар.), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смы́жнік ‘гушчар’ (ЖНС), смы́знік ‘хмызняк’ (Скарбы). Няясна. Відаць, роднаснае хмызня́к (гл.). Адносна паралелізму пачатковага *sm‑/*xm‑ гл. Борысь, Etymologie, 586. Узыходзіць да прасл. *smyzъ, гл. смыза.

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Смурглі́ ‘соплі’ (гродз., Сл. ПЗБ), смэ́рглі ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), смэ́ргі ‘тс’ (дзятл., Сл. ПЗБ); сюды ж смэргу́ль ‘смаркаты чалавек’ (Жд. 2), смэ́ргля ‘тс’ (Скарбы), смэ́ргель, смэ́ргля ‘сапляк, недаростак’ (Скарбы), смаргу́ль ‘вельмі скупы чалавек’ (в.-дзв., Шатал.). Выводзяць з літ. smùrgliai ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 507), што можна аднесці толькі да часткі форм. Хутчэй экспрэсіўная дэфармацыя дэрыватаў ад сморгаць (гл.).

Смуро́д ‘непрыемны, агідны пах’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), смо́рад ‘тс’ (Нас., Бяльк., Ласт., Байк. і Некр.), сюды ж смуро́д, сморо́д ‘чорныя парэчкі’ (ТС), смуро́да ‘тс’ (Бяльк.), смуро́ды ‘тс’ (Касп., Нік. Очерки). Укр. смо́рід, рус. смо́род, стараж.-рус. смородъ, польск. smród, в.-луж. smród, н. -луж. smrod ‘смурод; кал; чаромха’, чэш., славац. smrad, серб.-харв. смра̑д, славен. smrȃd, балг. смра́д, макед. смрдеа, ст.-слав. смрадъ. Прасл. *smordъ (іншая ступень чаргавання ў смярдзець, гл.) дакладна адпавядае літ. smárdas ‘смурод, агідны пах’, лат. smar̂ds ‘пах’, smarda ‘пах; апетыт; жаданне’, гоц. smarna ‘кал’, грэч. μορύσσω ‘рабіць чорным, пакрываць сажай, копаццю’; гл. Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561–562. Галосны ‑у‑ ў першым складзе тлумачыцца ўплывам кораня смур‑/хмур‑ (параўн. рус. пасмурный ‘пахмурны’), а таксама польск. smród. Фанетычная змена о > у, што сустракаецца ў некаторых дыялектах, не можа вытлумачыць такі пераход, бо ў час такой змены корань павінен быў гучаць як *smaród‑ (Векслер, Гіст., 115). Сной₂ (563) разглядае *smordъ як дэвербатыў ад прасл. *smorditi (параўн. польск. smrodzić), каузатыўнага дзеяслова ад прасл. *smŕ̥děti ‘смярдзець’ (гл.).

Смуры́жыць ‘вадзіць па чым-небудзь; паціраць, церці’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк.), ‘шаркаць нагамі пры хадзьбе’ (Сцяшк. Сл.), ‘змякчаць вяроўку трэннем’ (Юрч.), смура́жыць ‘тс’ (Бяльк.). Гл. мурыжыць, няяснага паходжання; магчыма, да муругі ‘рыжы (гл.), параўн. балг. му́ргав ‘смуглы’, рус. сму́рый ‘цёмна-шэры’, што можа быць звязана з смуніць (гл.). Фасмер (3, 693) рус. смурыгать ‘церці, часаць’ следам за Праабражэнскім (2, 338) разглядае як ітэратыў да сморгать (гл. сморгаць).

Сму́та ‘мяцеж, паўстанне, беспарадак’, ‘душэўнае замяшанне, трывога, хваляванне’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ‘смутак, сум’ (Нас., Шымк. Собр., Бяльк.), смут ‘тс’ (Бяльк.). Укр. сму́та ‘сум, журба; закалот, рокат, хваляванне’, рус. сму́та ‘мяцеж, сумятня, разруха; замяшанне, хваляванне’, стараж.-рус. съмутъ ‘сарамлівасць, хваляванне’, славац. smut, smuta ‘сум, журба’, серб.-харв. сму̏та ‘завіруха’, балг. смут ‘бунт, беспарадкі; сумятня’, макед. смут ‘бунт, беспарадкі; сумятня, разгубленасць’. Прасл. *sъmǫta < *sъmǫtiti, параўн. ст.-слав. съмѫтити ‘усхваляваць, узбурыць, збянтэжыць’. Да муціць, гл. (Фасмер, 3, 694; ЕСУМ, 5, 331).

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2-3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątk ‘д’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.