Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Смегава́цца (сьмігува́цца) ‘гараваць у нястачы’ (Юрч.). Няясна; параўн. смігануць (гл.).

Сме́лы ‘які не паддаецца страху; храбры, адважны’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Пятк. 2, Сл. ПЗБ), сме́ліць ‘рабіць смелым’ (Нас., Ласт.). Укр. смі́лий, рус. сме́лый, польск. śmiały, чэш. smělý, славац. smelý, серб.-харв. сме̏о, славен. smẹ̑lсерб.-харв.), балг. смел. Прасл. *sъmělъ, першапачаткова дзеепрыметнік прошлага часу на ‑l‑ ад дзеяслова *sъměti (гл. смець); Бернекер, 2, 47; Праабражэнскі, 2, 341–342; Фасмер, 3, 684; Сной₁, 584–585; Махэк₂, 560; Рэйзак, 585; Борысь, 617.

Сме́рглы ‘сапсаваны’, сме́ргнуцца ‘псавацца’: яйца смергнуцца (Яўс.). Відаць, да смярдзець (гл.), першапачатковае *smьrdly, параўн. польск. śmiardły ‘сапсаваны; пратухлы’, дыял. śmiardwy ‘смярдзючы’ з заменай спалучэння *‑dl‑ на ‑гл‑ у адпаведнасці з вядомым дыялектным усходнеславянскім працэсам, гл. Векслер, Гіст., 101; параўн. дыял. егла (jegla) ‘ёлка’ пры польск. jodła ‘тс’ (Непакупны, Связи, 186). Па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна непасрэднае запазычанне з польскай мовы. Параўн. прасмергнуць (гл.).

Смерд ‘у старажытнай Русі — залежны селянін-земляроб’, ‘чалавек з простанароддзя’ (ТСБМ), смердзь ‘смурод’, ‘просты селянін’ (Нас.), ст.-бел. смердъ ‘селянін’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. смерд ‘селянін’, стараж.-рус. смьрдъ, польск. smard, дыял. śmierdź ‘тс’, палаб. smårdi ‘сялянства’, ст.-слав. смръдъ ‘залежны селянін-земляроб’. Прасл. дыял. *smьrdъ ад *smьrděti ‘смярдзець’ (гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, 3, 684 з літ-рай), як пагардлівая назва земляроба з боку прадстаўніка пануючага класа. Параўноўвалі яшчэ з літ. smir̃das ‘той, хто пахне’, лат. smir̃za ‘тс’, але яны, як мяркуе, напрыклад, Скарджус (Slav., 202), хутчэй запазычаны з славянскіх моў. Гл. яшчэ Брукнер, 536; Махэк₂, 561–562; ЕСУМ, 5, 317; Шустар-Шэўц, Этимология–1984, 234–236 (набліжае да літ. mḕrdelis ‘аслабелая ад голаду істота’).

Смерк ‘змярканне’ (ТС), смеро́к ‘тс’ (ПСл). Да меркнуць (гл.).

Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Сме́та (смѣта) ‘разлік’ (Шымк. Собр.), рус. сме́та ‘каштарыс’. Паводле Фасмера (3, 686), з *съмѣта, што да ме́ціць (гл. мета); параўн. балг. сме́тка ‘падлік, разлік’, макед. сметка ‘разлік; справаздача’.

Сме́тнік1. Гл. смецце.

Сме́тнік2 ‘верабей’, ‘аўсянка’ (Бяльк.), сметнічо́к ‘верабей’ (Мат. Гом.), смятню́к ‘тс’ (лельч., Нар. лекс.), смяцю́х, смяцю́р, смэтю́р ‘жаваранак’ (Шатал.), смытю́х, снэ́цюх ‘тс’ (Сл. Брэс.), смяцю́х, смяцю́к ‘аўсянка’ (Сл. ПЗБ). Укр. посмі́тюха, посмитюшок ‘жаваранак хахлаты’, польск. дыял. posmiciuch, śmieciuch і пад. — назвы розных птушак, якіх можна часта сустрэць на сметніках і пустках; да кораня смет‑ (гл. смецце) (Струтыньскі, Nazwy, 104; Антропаў, Назв. птиц, 361). Гл. смяцюх.

Смех ‘праяўленне весялосці, радасці і пад.’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тс’ і ‘жарт, забава’ (Яўс.), смеў (сьмеў) ‘тс’, мн. л. сме́вы: смевы ды перасьмеўкі (Ласт.). Параўн. укр. сміх, рус. смех, польск. śmiech, в.-луж., н.-луж. směch, чэш. smích, славац. smiech, серб.-харв. сми̏јех, славен. smẹ̑h, балг. смях, макед. смев, ст.-слав. смѣхъ. Прасл. *směchъ утворана з дапамогай суф. ‑chъ ад *smьjati sę ‘смяяцца’; гл. Слаўскі, SP, 1, 70; узыходзіць да і.-е. *smoi̯sos ‘тс’ (Фасмер, 3, 684 з літ-рай; Сной₁, 584; Борысь, 617). Формы з в (ў) у выніку фанетычных змен. Гл. смяяцца.

Сме́цце ‘дробныя адкіды, рэшткі чаго-небудзь; драбяза’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг., Сл. ПЗБ, Сержп., ЛА, 3, Касп., Сцяшк.), сме́цье ‘тс’ (ТС), смяццё ‘тс’ (Нас., Шымк. Собр., Ласт., Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы), сме́цейка ‘самае дрэннае зерне, якое пры веянні кладзецца перад мякінай’ (Шат.), ‘дрэннае, пашкоджанае зерне’ (Сл. Брэс.), сюды ж сме́тнік ‘месца для смецця, звалка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. смі́ття ‘смецце’, рус. сме́тье ‘тс’, ‘мякіна’, польск. śmiecie, в.-луж. smjecie, чэш. smetí, smeť, славац. smet, серб.-харв. сме̑ће, смет, славен. smetjè, smet, балг., макед. смет ‘тс’. Прасл. *sъmetьje, *sъmetь. Ад *sъmesti (гл. месці) з суф. ‑ьjе, ‑ь, першапачаткова nomen actionis; гл. Слаўскі, SP, 1, 85; таксама Фасмер, 3, 687; Махэк₂, 361; Шустар-Шэўц, 1319; Сной₁, 584; Борысь, 618.