Смець ‘мець смеласць, права; адважвацца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смети ‘адважыцца, асмеліцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. смі́ти, рус. сметь, польск. śmieć, в.-луж. směć, н.-луж. směś, чэш. smíti, славац. smieť, серб.-харв. смје̏ти, славен. smẹ̑ti, балг. сме́я, макед. смее, ст.-слав. съмѣти. Прасл. *sъměti лічыцца роднасным гоц. mōþs ‘гнеў’, ст.-в.-ням. muot ‘дух, гнеў’, грэч. μῶσθαι ‘імкнуцца’, лац. mōs ‘воля, звычай’, гл. Бернекер, 2, 47; Вальдэ-Гофман, 2, 114; Фасмер, 3, 687–688. Узвядзенне да і.-е. кораня *mē‑ ‘мераць’, як гэта мяркуюць Бернекер (там жа), Ван–Вейк (ZfslPh, 13, 88), Шустар-Шэўц (1318), Фасмер (там жа) лічыць менш прымальным. Супраць Бязлай (3, 270–271), які выказвае нязгоду з вышэйпрыведзенымі індаеўрапейскімі паралелямі, таму што славянскі імперфектыўны дзеяслоў не мог утрымліваць прэфікс *sъ‑. Чоп (SR, 1954, 5–7, 233 і наст.) узводзіць слав. *sъměti да і.-е. *sŭmē‑ з паралелямі ў літ. sūmdau, sumdyti, вал. chwyfio ‘рухацца’, ірл. dosennaim ‘гнаць, паляваць’ з развіццём семантыкі ‘рухацца, імкнуцца’ > ‘смець, жадаць дасягнуць’. Гл. таксама ў Сной₁, 585; Глухак, 565 (у якасці паралеляў падаецца ст.-інд. śamati ‘працуе’, с.-ірл. cuma ‘тута’ і інш.). Борысь (618) разглядае *sъměti як магчымы кампазіт з *sъ‑ < *sŭ‑ ‘добры, добра, вельмі’ і не захаваным самастойна праславянскім дзеясловам *měti, < і.-е. *mē‑/mō‑ ‘старацца, мець моцную волю’, адкуль першаснае значэнне *sъměti было б ‘вельмі старацца, імкнуцца да чаго-небудзь’, ‘мець адвагу, смеласць у імкненні да чаго-небудзь’.