Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)