Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Стро́мак ‘вазок сена, які накладзены высока, але не раскладзіста’ (Нас., Байк. і Некр.). Гл. астромак.

Стро́матыч ‘проста на галаву (упасці)’ (бельск., КЭС), страмо́тыч ‘старчма, старчаком’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). З стромы (гл. наступнае слова) і ‑тыч < тыкаць (гл.).

Стро́мкі ‘круты, абрывісты’, ‘роўны, высокі, стройны’ (ТСБМ, Ласт.), ‘роўны і высокі’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘абрывісты’ (Касп.), ‘тонкі, высокі, стройны’ (Бяльк., Нар. Гом.), ‘круты (аб страсе)’ (Варл., Сл. ПЗБ), стро́мы ‘вельмі круты; круты, стромкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 2), стро́мкі ‘круты; высокі і тонкі’ (ТС), стро́мка ‘тонка і высока, стройна’ (Гарэц.), стро́мкость ‘круцізна’, стромчы́на ‘тс’ (ТС). Укр. стрімкий ‘круты, абрывісты’, стромый ‘тс’, рус. стромкий ‘высокі, круты’, ст.-рус. (XV ст.) стромый ‘тс’, польск. stromy ‘круты’ (з усх.-слав. моў — Борысь, 580). Прасл. дыял. *stromъ, паводле Борыся (там жа), аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *strъměti ‘тырчаць, выпінацца’; прыметнік страмны́ ‘круты, абрывісты’ (воран., Сл. ПЗБ), разам з рус. стрёмый, стрёмный ‘хуткі’, чэш. strmý ‘круты’, славац. strmý ‘тс’, ‘інтэнсіўны, моцны, хуткі’, славен. stŕm ‘круты, абрывісты’, балг. стръ́мен ‘тс’, макед. стрм ‘тс’, ст.-слав. стрьмъ ‘тс’, адлюстроўваюць прасл. *strьmъ, *strьmenъ, прыметнікі, што захоўваюць зыходны вакалізм дзеяслова *strьměti (Борысь, Etymologie, 180; Глухак, 589; Варбат, Этимология–1994–1996, 39). Параўн. стро́ма ‘абрыў’, гл. страміна́. Звязана чаргаваннем галосных з стрымгалоў (гл.); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781.

Стро́нга ‘прэснаводная рыба сямейства ласасёвых; фарэль’ (ТСБМ, Янк. БП), стронг, стронк ‘тс’ (гродз., маладз., навагр., шальч., Сл. ПЗБ), стро́нга ‘рыба Salmo trutta L.’ (Жукаў). З польск. pstrąg ‘тс’, што да *pьstrъ ‘стракаты’; формы без пачатковага n‑ у выніку дээтымалагізацыі, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 63.

Строні ‘для, дзеля’ (Кал.), стро́нэ ‘наконт, дзеля’ (Сл. Брэс.), кстро́ні ‘збоку’ (калінк., З нар. сл.). Паланізм, зыходнымі маглі быць формы stronnie ‘маючы інтэрас, пажытак’, strony ‘што тычыцца’, ku stronie ‘на карысць’, што да strona ‘бок; карысць, пункт гледжання’ (Варш. сл.). Параўн. старана (гл.).

Стро́нціць ‘пашкодзіць, звіхнуць’ (Сцяшк. Сл.), ‘пакалечыць’ (іўеў., шальч., воран., паст., Сл. ПЗБ), стро́нціцца ‘ўпасці’ (шальч., Сл. ПЗБ). З польск. strącić ‘збіць, зваліць, упіхнуць’.

Строп1 ‘канат, трос’ (ТСБМ). Праз рус. строп ‘тс’ з гал. strop, н.-ням. stropp ‘тс’. Гл. Фасмер, 3, 782.

Строп2 ‘стык бакоў страхі’ (ТСБМ, кіраў., Нар. сл.; Шушк.; барыс., Шн. 2), ‘страха’ (Байк. і Некр., Нас.), ‘столь’ (Нас., Жд. 3, Маш., Зеньк.), ‘верх страхі пад вільчыкам’ (Касп., Барад., ТС, ЛА, 5), ‘накладка на верхняй частцы саламянай страхі’ (Скарбы), ‘прастора паміж верхняй часткай страхі і верхняй часткай крокваў’ (Тарн.), страпа́ ‘кроквы’ (паст., Сл. ПЗБ). Укр. стріп ‘страха; столь’, рус. пск., зах. строп ‘страха, гарышча, столь’, польск., чэш., славац. strop, славен. stròp ‘столь, кроквы, франтон’, балг. строп ‘гарышча, ярус’, ст.-слав. стропъ ‘страха; столь’. Прасл. *stropъ (магчыма, з *sropъ, з ‑t‑ устаўным, параўн. востраў, струга) параўноўваецца з ст.-ісл. hróf ‘страха; паветка’, англ.-сакс. hróf, англ. roof, ірл. cro ‘агароджа, перагародка, хлеў, хаціна’ (< *cropo‑) (гл. Траўтман, 309; Фасмер, 3, 781 з іншай літ-рай), якія да і.-е. *kʼrā‑po; сюды ж з іншым суф. гоц. hrot (< *kʼrā‑do) ‘страха’; гл. Борысь, 581; Сной₁, 616. Менш прымальным лічыцца параўнанне з лат. straps ‘выцягнуты, прамы’, нов.-в.-ням. straff тугі’, літ. stir̃ptí, stirpstù ‘падрастаць’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1081; Младэнаў, 613) або з грэч. ἐρἐφω ‘накрываю’, όροφή ‘страха’ (Махэк₂, 583).

Стро́паць ‘ісці’: стропай тады адсюль (Мат. Гом.). Магчыма, да тропаць, гл.

Стро́піцца ‘спужацца, спалохацца’ (ТС). Відаць, звязана з ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, для якога Слаўскі (SOr, 18, 255) дапускае развіццё значэння ад ‘быць нерухомым’ да ‘аслупянець (ад страху)’. Параўн. укр. торопи́тися ‘пужацца, бянтэжыцца’, рус. оторопе́ть ‘збянтэжыцца, атарапець’. Тады стропіцца з *сторопіцца, магчыма, пад уплывам строп (гл.) і моцнай рэдукцыяй другога ‑о‑. Далей гл. атарапець, торап. Магчыма, звязана з троп: збіцца з тропу (гл.), а таксама літ. strópti ‘цвярдзець’ (аслупянець?). Гл. таксама стрэпаць.