Страмі́на ‘драбіна’ (ТС), страмы́на ‘прыстаўныя драбіны’ (Кольб.; брэсц., пін., стол., Нар. лекс.), страбы́на, страмы́на, страмэ́на, стромы́на ‘тс’ (Сл. Брэс.), страмя́нка ‘лескі; драбіна’ (Сцяшк. Сл.), страмы́нка ‘зрубленае маладое дрэва з сукамі, па якім паднімаюцца на дрэва да вулля’ (Анох.). Параўн. укр. дыял. стра́мина, страми́на ‘драбіна’. Да стром, стромы, гл.; першаснае значэнне адлюстравала ў страмынка (Мяркулава, Этим. иссл., 4, 6–7). Паводле Борыся (Czak. stud., 125), узыходзіць да прасл. *strama/*stramъ ‘вертыкальны ці гарызантальны слупок як апора’, дэрыватаў з падаўжэннем каранёвага галоснага ад прасл. *stromiti, старога каузатыва да *strъměti, гл. страміць.

Страміна́ ‘круты схіл, абрыў, круча’ (Нас., Скарбы). Параўн. укр. стре́мʼя ‘абрыў, моцнае цячэнне’, строми́на, стромина́ ‘абрыў, круча’, рус. дан. стре́мя ‘цячэнне, ток ракі’. Да стро́мы, гл. стромкі (Міклашыч, 325; Праабражэнскі, 2, 396; Фасмер, 3, 775; ЕСУМ, 5, 437–438).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)