Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́рфа1 ’музыкальны інструмент’, сустракаецца ўжо ў XVI ст. (Шакун, Гісторыя, 106), у Бярынды, 12, 28: бряцало і гусльгарфа, арфистагудецъ у Лексісе Зізанія: арфа. Паводле Шанскага, 1, А, 150, рус. арфа з XVII ст. з польск. arfa, паводле Фасмера, 1, 90, з нямецкай, як і польскае (гл. яшчэ Маргаран, ЭИРЯ, 6, 91; Шанскі, ЭИРЯ, 4, 182). Ст.-бел. арфа, арфиста з польскай мовы, магчыма, што рус. арфа, арфиста (арфист — пазнейшае пераафармленне) таго ж паходжання. У польск. arfa, harfa з ням. (агульна-германскага) Harfe (раней Harpfe) (Слаўскі, 1, 406). Сучасная літаратурная форма арфа замацавалася, магчыма, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 84), дзе ў адрозненне, напр., ад польскай і ўкраінскай форма з пачатковым г‑, здаецца, не вядома. Арфіст з рускай, напэўна ў XX ст.

А́рфа2 ’веялка’, арфава́ць, арфава́льшчык (БРС, Яруш.), у дыялектах распаўсюджаны формы з субстытуцыямі ф: арпа, арпаваць (Касп., Жд.), арха, архаваць (Касп., Янк. I, Сцяц., Арх. Бяльк.), гархаваць (Выгонная, Лекс. Палесся, 82); асобна гл. арба2. Паводле Слаўскага, 1, 406, у польскай мове XVII ст. harfa ’прылада для ачышчэння збожжа’ з нямецкай, дзе Getreideharfe ’веялка’. З польскай у беларускую, з польскай ці беларускай у літ. ar̃pas, árpa, árba (LKŽ).

Арфагра́фія. Пад рускім уплывам гэта форма замацавана ў 1933 (Шакун, Гісторыя, 292). Да гэтага ў практыцы выкарыстоўваўся тэрмін у польскім афармленні: ортографія (Красней, Лекс. і грам., 19). У канцы XVI — пачатку XVII ст. ст.-бел. орѳографія (Зізаній). Недакладна КЭСРЯ, 302, аб французскім паходжанні рус. орфография ў XVIII ст. Фасмер (3, 154 без даты) указвае на грэчаскую крыніцу (ὀρθογραφία ’правільнае пісьмо’) пры ўздзеянні лацінскага націску.

Архалу́к ’лёгкі кафтан’ (Грыг.). З рускай, дзе ў пач. XIX ст. з цюркскай; па фанетычных матывах, паводле Дзмітрыева, Строй, 522, — з азербайджанскай. Шанскі, 1, А, 152; Фасмер, 1, 90.

Арха́нгел (БРС), арха́ний (Мядзв.). З стараславянскай у старарускую, адкуль перайшло ў старабеларускую (Гіст. лекс., 121). У стараславянскай з грэчаскай ἀρχάγγελος ’старшы анёл’ (Фасмер, 1, 90).

Арха́равец. З рускай мовы, дзе ўтворана ад прозвішча маскоўскага генерал-губернатара пач. XIX ст. Архарава, слова пачаткова азначала ’паліцэйскі’, а потым перайшло на шалапутнага чалавека. Фасмер, 1, 90; Шанскі, 1, А, 152; у апошнім указваецца на рускую крыніцу беларускага слова.

Архіра́сты. Слова зафіксавана ў песні (Вілен. губ.) Карскім, РФВ, XXI, 259: «Адзин на булану, други на каштану, трэйци на мышитым, сам архирасты». Верагодна, лакальнае, а магчыма, і эпізадычнае запазычанне з літ. arklaraištis ’прывязаны да каня вяроўкай’. Гл. Супрун, Балтийские яз., 40–42.

Архірэ́й ’старшы свяшчэннік (іерэй)’. Ст.-рус. архиерей з ст.-слав. архиереи < грэч. ἀρχιερεύς ’тс’. Фасмер, 1, 91.

Архітэ́ктар. Слова адзначаецца ўжо ў Бярынды (побач з формай архитектон), але ў XIX ст. больш звычайнай была форма архітэкт (Нас.), таму можна меркаваць, што сучасная форма замацавалася пад уздзеяннем рускай мовы (< зах.-еўрап.). Форма архітэ́кт праз польскую з лацінскай мовы, дзе з грэчаскай.

Архітэкту́ра. Слова ёсць у Бярынды, Ф. Пракаповіча (Труды Воронеж. ГУ, 83, 127), дзе яно з лацінскага (магчыма, праз польскую) architectura. Рус. архитектура, паводле Шанскага, 1, А, 156, з заходнерускай, таму няма ’патрэбы лічыць беларускае слова запазычаным з рускай, як Крукоўскі, Уплыў, 76, хаця рускія суадносіны архитектуразодчество, магчыма, уплываюць на суадносіны архітэктурадойлідства ў беларускай (Юрэвіч, «Полымя», 1969, 2, 244).

Архі́ў. Запазычана з рус. архив (Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 260; Гіст. мовы, 2, 144: у пач. XX ст.), якое з ням. Archiv (Фасмер, 1, 90).