Сты́сы ‘драўляныя вілы’ (калінк., Арх. ГУ). Няясна.
Сты́тур ‘сварка’ (Нар. Гом.). Няясна; параўн. стырыць, гл.
Стыць, сты́нуць ‘станавіцца халодным, астываць’, ‘мерзнуць, замярзаць на холадзе’ (ТСБМ, Нас., Варл., Др.-Падб.; віл., Сл. ПЗБ), ‘застываць’ (віл., Сл. ПЗБ), сты́лы ‘застылы, мёртвы’ (ТС), ‘халодны’, ‘абрыдлы’ (Нас.). Параўн. укр. сти́ти, сти́нути, рус. стыть, сты́нуть, ст.-польск. stydnąć, чэш. stydnouti, славац. stydnúť, серб.-ц.-слав. устынути, балг. сти́на ‘станавіцца халодным, астываць’; мяркуюць, што гэта новаўтварэнне ад *stydnǫti, якое звязана чаргаваннем галосных з прасл. *studъ, *studa ‘холад’, студзіць (гл.), параўн. стыд. Гл. Міклашыч, 327; Фасмер, 3, 789; Голуб-Копечны, 360; ЕСУМ, 5, 416. Сюды ж стынь ‘сцюжа, холад’, гл.
Сты́чань ‘сакавік’ (Нас.), ‘студзень’ (Сцяшк.; воран., Шатал.; астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. styczeń ‘студзень’, некалі і ‘люты’. Ст.-бел. стычень ‘студзень’ (XVI ст., Ст.-бел. лексікон) з ст.-польск. styczeń (Булыка, Лекс. запазыч., 157). Польскае слова з першаснага *sěčьnь < прасл. *sěča ‘высяканне дрэў’ ад прасл. *sěkti ‘сячы’ з суф. *‑ьnь, якое потым было скантамінавана з *tyka ‘жэрдзь, палка’. Назва першапачаткова абазначала час года, калі сякуць дрэвы, таму што ў гэты час яны маюць вельмі мала соку; гл. Борысь, 585. Параўн. сечань. Народна-этымалагічна ўсведамляецца як вытворнае ад стыка́цца ‘сустракацца’ (гл.), так і ў Насовіча (Нас., 620).
Стэ́льмах ‘той, хто робіць, рамантуе воз, сані’ (Янк. 1, ЛА, 3), стальма́к ‘цясляр’ (Гарэц.), ст.-бел. столмахъ ‘сталяр, карэтнік’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. стальмах.
Стэ́мпель ‘вастрыё і верхняя частка верацяна’ (Уладз.). Гл. штэмпель.
Стэ́нкаць ‘стагнаць’ (Федар. 4). З польск. stękać ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 65).
Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.
Стэ́рац (стэ́рэц) ‘частка ўзаранага поля ад мяжы да баразны пры ворыве ўраскідку’ (івац., Жыв. сл.). Няясна.
Стэ́рня ‘сцерлядзь’: стэрня не наша рыба, заплуўна (ТС). Магчыма, з укр. сте́рля ‘тс’. Гл. сцерлядзь, сцерня.