Сты́чань ‘сакавік’ (Нас.), ‘студзень’ (Сцяшк.; воран., Шатал.; астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. styczeń ‘студзень’, некалі і ‘люты’. Ст.-бел. стычень ‘студзень’ (XVI ст., Ст.-бел. лексікон) з ст.-польск. styczeń (Булыка, Лекс. запазыч., 157). Польскае слова з першаснага *sěčьnь < прасл. *sěča ‘высяканне дрэў’ ад прасл. *sěkti ‘сячы’ з суф. *‑ьnь, якое потым было скантамінавана з *tyka ‘жэрдзь, палка’. Назва першапачаткова абазначала час года, калі сякуць дрэвы, таму што ў гэты час яны маюць вельмі мала соку; гл. Борысь, 585. Параўн. сечань. Народна-этымалагічна ўсведамляецца як вытворнае ад стыка́цца ‘сустракацца’ (гл.), так і ў Насовіча (Нас., 620).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)