Се́чань старое ‘студзень’ (Нас.). Укр. сі́чень, старое рус. сечень ‘студзень’, стараж.-рус. сѣчьнь ‘студзень; люты’, чэш. sečen ‘ліпень’, славац. velký sečeń ‘студзень’, malý sečeń ‘люты’, славен. дыял. sečenj ‘люты’, серб.-харв. се̑чањ, sijȇčanj ‘студзень’, балг. фальк. голя́м се́чко ‘студзень’, ма́лък се́чко ‘люты’, макед. сечко ‘люты’, ст.-слав. сѣчьнь ‘люты, студзень’. Прасл. *sěčьnь да *sekti, гл. сячы, як перыяд года, найбольш зручны для высечкі лесу з мэтай атрымання дзелавой драўніны (Шаўр, Этимология–1971, 98 і наст.), або для распрацоўкі ўчастка для раллі. Тлумачэнне, што месяц атрымаў назву па марозе, які “сячэ”, лічыцца народнай этымалогіяй. Назва для ‘ліпеня’ звязана з касьбой (старое *sěkti ‘зразаць траву’). Меркаванні Сноя (Бязлай, 3, 346) пра сувязі з літ. síekis, siẽkis ‘снежань студзень’ аналагічна літ. sãusis ‘студзень, снежань’ пры славен. súšec ‘сакавік’ (Сной₂, 713) падаюцца недастаткова абгрунтаванымі. Гл. ЕСУМ, 5, 258–259.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)