Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спарыжава́ць ‘паралізаваць’ (Скарбы, Жд. 2), спарыжува́ць ‘тс’ (Мат. Гом.), спарыжова́ць ‘тс’, спарыжо́ваны ‘паралізаваны’ (ТС). Дэфармаванае спаралізава́ць ‘прывесці ў стан паралічу’, спаралізава́ны ‘пазбаўлены руху’ (ТСБМ) ці, хутчэй, польск. sparaliżować, sparaliżowany ‘тс’. Гл. параліч.

Спарыння́ ‘паразітны грыб на збожжы, Claviceps purpurea Tul. (L.)’ (ТСБМ), спары́ня, спарыня́, спары́ння ‘тс’ (Шчарб.; шчуч., мядз., глыб., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. споринья́ ‘тс’, рус. спорынья́ ‘тс’, ‘поспех, працвітанне, прыбытак’, стараж.-рус. спорыня ‘багацце, лішак; ураджай’. Да спор1. Паводле Трубачова (гл. Фасмер, 3, 738), пераход да значэння ‘спарыння’, мабыць, меў эўфемістычны характар, хутчэй за ўсё, на базе знешняга падабенства зросшыхся каласоў (гл. спор, спарыш) з каласамі, заражанымі Claviceps purpurea.

Спарыня́ ‘прывітанне з пажаданнем спору’ (Варл.). Да спор1, спорны (гл.).

Спары́ш1 ‘два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся)’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв., Рам., 8, Жыв. сл., Сл. ПЗБ), ‘дзве-тры баразны бульбы (часцей пры мяжы), недастаткова аддаленыя адна ад другой, каб зрабіць радкі’ (Лекс. і грам., 15; Сцяшк.), ‘гліняныя гаршчочкі, злучаныя разам’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), спарышы́ ‘зросткі (агуркоў)’ (Мат. Гом.), спары́шка ‘спараныя каласкі, дрэвы, агуркі і інш.’ (Сл. ПЗБ). Рус. споры́шка ‘арэх-двайчатка’, спорина́ ‘тс’. Да спор1, споры (гл.). З ад’ідэацыяй да па́ра2 (гл.), параўн. спарыкова́ць ‘аб’яднаць разам, злучыць’ (ТС).

Спары́ш2 ‘аднагадовая расліна сямейства драсёнавых’ (ТСБМ), спары́шнік ‘расліна драсён, Polygonum L.’ (Кіс., Касп., ТСБМ), ‘канюшына раллявая, Trifolium arvense’ (Кіс.). Укр. спори́ш, рус. споры́ш ‘расліна Polygonum aviculare’, польск. sporysz ‘тс’, в.-луж. sporušk, н.-луж. spóriš ‘вярбена’, чэш., славац. sporyš ‘вярбена’, серб.-харв. спорѝш ‘крываўнік, Axillea L.’, славен. sporíš ‘вярбена’, балг. споре́ш ‘крываўнік’. Прасл. *sporyšъ, гл. спор1, споры; абазначала расліны, якія маюць вялікую колькасць насення або даюць вялікі прырост. Гл. Міклашыч, 318; Фасмер, 3, 738; Махэк₂, 571; Бязлай, 3, 300; Шустар-Шэўц, 1343; ЕСУМ, 5, 380.

Спары́ш3 ‘спарыння’ (Выг.; нараўл., Сл. ПЗБ). Гл. спарыння.

Спары́ш4 ‘міфічная істота ў выглядзе чорта ці птушкі, што прыносіць багацце або садзейнічае чараўнікам’ (Суднік, Диалекты, 199; кам., Жыв. НС), спарышка: taki klicz abo dumka (ад згадвання якіх справы папраўляюцца) (Пятк. 2). Да спор1 ‘прыбытак, удача, поспех’. Адносна семантыкі гл. Валодзіна, Бел. міф.₂, 485–486.

Спас1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіцьспасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.

Спасо́б’е ‘дапамога’ (Шат.), ‘пенсія’ (Янк., Мат. Гом.). З рус. посо́бие ‘дапамога’; параўн. посо́ба ‘дапамога, падтрымка’ (Нас.). З выразу *ро sobě (гл. сябе); гл. Фасмер, 3, 340.

Спасо́біць ‘садзейнічаць, дапамагаць’, спасабля́ць (Нас.). Да этымалогіі гл. пасабіць.

Спата́каць ‘набыць з цяжкасцю, так-сяк’ (лаг., Стан.; Варл.), спота́каць ‘зладкаваць, зрабіць’ (ТС). Семантычна немагчыма вывесці з патака́ць ‘патураць’ (гл.). Ад займенніка так, магчыма, праз дзеяслоў а́каць з шырокай семантыкай, што замяшчае шырокі спектр канкрэтных значэнняў, параўн. балг. тако́вам ‘нешта рабіць’ і пад. Параўн. таксама рус. та́кать ‘гнаць, падганяць’, што звязана з *točiti, *tekti, гл. наступнае слова (гл. Фасмер, 4, 12). Аднак пры гэтым застаюцца значныя семантычныя цяжкасці.

Спата́чаваць ‘сачыць, падглядваць; выкрываць, лавіць (на чым-небудзь); разумець’ (Нас., Стан.). Насовіч (Нас., 608) выводзіў з *tekti ‘бегчы, рухацца’, гл. уцякаць. Няпэўна. Магчыма, ітэратыў да папярэдняга слова. Тады да та́каць ‘паддакваць, пагаджацца’, параўн. рус. та́кать ‘тс’, та́чить ‘песціць, апекавацца’, балг. та́ча ‘паважаць, шанаваць’, гл. так (Трубачоў у Фасмер, 4, 29).