Спас1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)