Па́ра 1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.
Па́ра 2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).
Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.