Так ’такім чынам’, ’у такім стане, выглядзе’, ’у такой ступені’, ’без прычыны, мэты, намеру’ (ТСБМ, Стан.), ’як ёсць, без змен’ (Юрч. СНС), ’так, гэтак’ (ТС), ’гэтак’, ’дарма’ (Варл.); таксама часціца і злучнік з шэрагам значэнняў (ТСБМ). Укр., рус. так ’гэтак’, стараж.-рус. тако, такъ ’гэтак’, польск., каш., чэш., славац., в.-луж. tak, н.-луж. tak, tako, палаб. tok, славен. takó, серб.-харв. та̏ко, та̀ко, та̀ко̄, балг. така́, макед. така, ст.-слав. тако ’тс’, такъ ’такі’. Да прасл. прыслоўя *tako ’гэтак’ і прыметніка *takъ ’такі’, якія ўтвораны ад займеннікавай асновы *ta‑ (< і.-е. *tō‑, што адлюстравана таксама ў літ. tóks, дыял. tókias, tokiàs, ж. р. tokià, tóki ’такі, такая’, ст.-хец. ta‑kku ’калі’), роднаснай указальнаму займенніку *tъ (гл. той), злучанай з суфіксам ‑ko (ESSJ SG, 2, 634–641 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 504 з літ-рай; параўн. Смачынскі, 681; Іванаў, Зб. Ісачанку, 193). Гл. такі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)