Такі́1, займеннік ’менавіта гэты, падобны да гэтага або да таго, пра які гаварылася раней ці гаворыцца далей’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Федар., 4, Сл. ПЗБ, ТС), такі́й ’такі, гэтакі’ (Бяльк.), ст.-бел. такий ’такі’ (КГС). Сюды ж вытворныя са значэннямі павелічальнасці ці памяншальнасці: таке́нны ’такі (вялікі)’ (Ян., Растарг.), таке́зны ’тс’ (ТС), таке́нькі, таке́нечкі, таке́сенькі ’такі (малы)’ (Сцяшк. Сл., Ян., Растарг.). Укр. таки́, стараж.-рус. таки, такы ’тс’, польск., славін. дыял. taki, в.-луж. tajki, н.-луж. taki, серб.-харв. та̀кӣ, чэш. taky, славац. taký(to) ’такі’. Да прасл. *takъjь, што працягвае прасл. *takъ ’тс’ (гл. так).

Такі́2, ‑такі — прыслоўе і часціца, што выкарыстоўваюцца пры знамянальных словах, падкрэсліваючы іх значэнне: ’аднак’, ’аднак жа’, ’зрэшты’, ’тым не менш’, ’усё ж’, ’усё-такі’ (ТСБМ, Нас., Чач., Ласт.), ’аднак, хоць’ (Некр. і Байк.), тыкі́ ’аднак жа’ (чавус., Яшк. Мясц.), уваходзіць у склад некаторым слоў: даволі‑такі, зноў‑такі, так-такі і пад. (ТСБМ). Укр. таки́, рус. таки́, стараж.-рус. такы ’таксама; усё ж; пастаянна’. Паводле Карскага (2–3, 84, 419), Тв. скл. мн. л. ад так (гл.); гл. таксама Фасмер, 4, 13. Сюды ж такі́та ’дарэчы, дык, сапраўды’ (Некр. і Байк.), ускладненае часціцай то (та), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)