Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Спарыжава́ць ‘паралізаваць’ (Скарбы, Жд. 2), спарыжува́ць ‘тс’ (Мат. Гом.), спарыжова́ць ‘тс’, спарыжо́ваны ‘паралізаваны’ (ТС). Дэфармаванае спаралізава́ць ‘прывесці ў стан паралічу’, спаралізава́ны ‘пазбаўлены руху’ (ТСБМ) ці, хутчэй, польск. sparaliżować, sparaliżowany ‘тс’. Гл. параліч.

Спарыння́ ‘паразітны грыб на збожжы, Claviceps purpurea Tul. (L.)’ (ТСБМ), спары́ня, спарыня́, спары́ння ‘тс’ (Шчарб.; шчуч., мядз., глыб., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. споринья́ ‘тс’, рус. спорынья́ ‘тс’, ‘поспех, працвітанне, прыбытак’, стараж.-рус. спорыня ‘багацце, лішак; ураджай’. Да спор 1. Паводле Трубачова (гл. Фасмер, 3, 738), пераход да значэння ‘спарыння’, мабыць, меў эўфемістычны характар, хутчэй за ўсё, на базе знешняга падабенства зросшыхся каласоў (гл. спор, спарыш) з каласамі, заражанымі Claviceps purpurea.

Спарыня́ ‘прывітанне з пажаданнем спору’ (Варл.). Да спор 1, спорны (гл.).

Спары́ш 1 ‘два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся)’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв., Рам., 8, Жыв. сл., Сл. ПЗБ), ‘дзве-тры баразны бульбы (часцей пры мяжы), недастаткова аддаленыя адна ад другой, каб зрабіць радкі’ (Лекс. і грам., 15; Сцяшк.), ‘гліняныя гаршчочкі, злучаныя разам’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), спарышы́ ‘зросткі (агуркоў)’ (Мат. Гом.), спары́шка ‘спараныя каласкі, дрэвы, агуркі і інш.’ (Сл. ПЗБ). Рус. споры́шка ‘арэх-двайчатка’, спорина́ ‘тс’. Да спор 1, споры (гл.). З ад’ідэацыяй да па́ра 2 (гл.), параўн. спарыкова́ць ‘аб’яднаць разам, злучыць’ (ТС).

Спары́ш 2 ‘аднагадовая расліна сямейства драсёнавых’ (ТСБМ), спары́шнік ‘расліна драсён, Polygonum L.’ (Кіс., Касп., ТСБМ), ‘канюшына раллявая, Trifolium arvense’ (Кіс.). Укр. спори́ш, рус. споры́ш ‘расліна Polygonum aviculare’, польск. sporysz ‘тс’, в.-луж. sporušk, н.-луж. spóriš ‘вярбена’, чэш., славац. sporyš ‘вярбена’, серб.-харв. спорѝш ‘крываўнік, Axillea L.’, славен. sporíš ‘вярбена’, балг. споре́ш ‘крываўнік’. Прасл. *sporyšъ, гл. спор 1, споры; абазначала расліны, якія маюць вялікую колькасць насення або даюць вялікі прырост. Гл. Міклашыч, 318; Фасмер, 3, 738; Махэк₂, 571; Бязлай, 3, 300; Шустар-Шэўц, 1343; ЕСУМ, 5, 380.

Спары́ш 3 ‘спарыння’ (Выг.; нараўл., Сл. ПЗБ). Гл. спарыння.

Спары́ш 4 ‘міфічная істота ў выглядзе чорта ці птушкі, што прыносіць багацце або садзейнічае чараўнікам’ (Суднік, Диалекты, 199; кам., Жыв. НС), спарышка: taki klicz abo dumka (ад згадвання якіх справы папраўляюцца) (Пятк. 2). Да спор 1 ‘прыбытак, удача, поспех’. Адносна семантыкі гл. Валодзіна, Бел. міф.₂, 485–486.

Спас 1 ‘Збавіцель; адна з назваў Хрыста’, ‘назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят’ (ТСБМ), ‘Спас, свята 6/19 жніўня’ (Шат., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), Спас ‘імя аднаго са святых’ (Пятк. 2, Федар. 4), іспас ‘свята’ (Сержп. Прымхі), спасі́цель ‘тс ’ (Ян.), сюды ж спа́саўка ‘пост перад Спасам’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Скарбы, Ян., Сл. ПЗБ), ‘сорт груш (яблык), якія паспяваюць перад Спасам’ (ТСБМ), спа́соўка ‘тс’ (ТС), ‘двухтыднёвы прамежак часу перад і пасля Спаса’ (ТС), спасо́ўкі ‘восеньскія мухі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’. Укр. Спас ‘Збавіцель’, спа́сівка ‘пост у канцы лета’, ‘сорт яблык (груш)’, рус. Спас ‘Збавіцель, Хрыстос’, адкуль Спа́сов день, стараж.-рус. Съпасовъ дьнь (6 жніўня); таксама рус. Спас ‘свята (6/19 жніўня). Ад ст.-слав. съпасъ < съпасти ‘берагчы, ратаваць’, стараж.-рус. съпасти ‘выратаваць’ < прасл. *pasti ‘пасвіць; берагчы’; гл. Фасмер 3, 732), які адзначае тут кальку грэч. σωτήρ ‘Збавіцель’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 366.

Спас 2 ‘ратунак, выратаванне’ (Жд. 3, Ян., Шатал., ТС). Скарочана з спасе́нне (спасе́нье) (ТС, Нас., Шат., Гарэц.) ад спасці́ ‘выратаваць’ (Сл. ПЗБ), што праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. съпасти. Гл. папярэдняе слова.

Спа́сны ‘адкормлены’ (Выг., Сл. Брэс.), ‘непераборлівы і добры да яды’ (ТС; лун., Шатал.; Сл. Брэс., Жыв. сл., ЛА, 4, Скарбы), ‘вынослівы’ (Мат. Гом.). Дэрыват ад асновы цяп. ч. дзеяслова спасвіць — спасу́ з суф. ‑н(ы). Але спа́слы ‘тлусты, адкормлены’ (Жд. 1), ‘вынослівы’ (брасл., Сл. ПЗБ), аўтары слоўніка (там жа, 4, 533) лічаць паланізмам, параўн. польск. spasły ‘адкормлены, сыты, тлусты’. Магчыма, палес. спа́сны паходзіць з той жа польскай крыніцы з заменай ‑л‑ на ‑н‑.

Спасо́б’е ‘дапамога’ (Шат.), ‘пенсія’ (Янк., Мат. Гом.). З рус. посо́бие ‘дапамога’; параўн. посо́ба ‘дапамога, падтрымка’ (Нас.). З выразу *ро sobě (гл. сябе); гл. Фасмер, 3, 340.

Спасо́біць ‘садзейнічаць, дапамагаць’, спасабля́ць (Нас.). Да этымалогіі гл. пасабіць.

Спата́каць ‘набыць з цяжкасцю, так-сяк’ (лаг., Стан.; Варл.), спота́каць ‘зладкаваць, зрабіць’ (ТС). Семантычна немагчыма вывесці з патака́ць ‘патураць’ (гл.). Ад займенніка так, магчыма, праз дзеяслоў *та́каць з шырокай семантыкай, што замяшчае шырокі спектр канкрэтных значэнняў, параўн. балг. тако́вам ‘нешта рабіць’ і пад. Параўн. таксама рус. та́кать ‘гнаць, падганяць’, што звязана з *točiti, *tekti, гл. наступнае слова (гл. Фасмер, 4, 12). Аднак пры гэтым застаюцца значныя семантычныя цяжкасці.

Спата́чаваць ‘сачыць, падглядваць; выкрываць, лавіць (на чым-небудзь); разумець’ (Нас., Стан.). Насовіч (Нас., 608) выводзіў з *tekti ‘бегчы, рухацца’, гл. уцякаць. Няпэўна. Магчыма, ітэратыў да папярэдняга слова. Тады да та́каць ‘паддакваць, пагаджацца’, параўн. рус. та́кать ‘тс’, та́чить ‘песціць, апекавацца’, балг. та́ча ‘паважаць, шанаваць’, гл. так (Трубачоў у Фасмер, 4, 29).