Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Вы́селкі (БРС), вы́селак ’выселкі’ (слаўг., Яшк.). Рус. вы́селки. Ад вы́селіць (гл. сяліць) з суф. ‑к‑, ‑ак.

Вы́сеўкі (БРС, Касп., Жд., 1, Інстр. I, Інстр. III, Бес.), ’высеўкі, чыстае крупяное зерне’ (Выг. дыс.), висевки ’высеўкі’ (Ліс.). Рус. высевки, укр. висівки, польск. wysiewki, чэш. дыял. výsevek. Ад высеваць (гл. сеяць) з суф. ‑к‑.

Вы́сечы ’высечы’ (БРС, Нас., Бяльк.), ’вы́красаць (агонь)” (Шат.). Гл. сячы. Значэнне ’выкрасаць агонь’ утворана лексіка-семантычным спосабам на базе першага значэння (Шанскі, 1, В, 231).

Вы́сілак (БРС). Запазычанне з польск. wysiłek (Гіст. мовы, 2, 143).

Вы́скаліць (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат.), вы́скаліцца ’ярка засвяціць (пра сонца)’ (Шатал.). Гл. скаліць. Адносна другога значэння параўн. укр. ви́скалитися ’з’явіцца, засвяціць (аб сонцы)’ і рус. смал. вы́скаліло безасаб. ’праглянула сонца’.

Выскаля́ка (БРС). Да выскаляцца (гл. скаліць) з суф. ‑ака.

*Вы́скарачэнь, вы́скороченʼ, вы́скоротенʼ, ви́скорожэнь, ви́скорошэнʼ, ви́скочэнʼ ’загнуты канец полаза — нос саней; планка, якая ідзе ад загнутага канца полаза саней да першага капыла’ (Маслен.). Бясспрэчна, звязана з рус. вы́скорь і далей выскордь ’дрэва з аголеным карэннем, якое звалена бурай’, таму што полаз часта рабілі з выгнутага кораня (параўн. ко́паны полоз ’полаз з выгнутага кораня’, Маслен., 183). Ад *vyskъriti, якое да і.-е. *(s)ker‑ ’рэзаць, аддзяляць’ (аналагічна рус. выскордь < *vyskъrdnǫti, якое да *s(ker)‑d‑; гл. Мяркулава, Этимология, 1973, 55 і наст.). Бел. формы, відавочна, з расшырэннем дзеепрыметніка на ‑to‑, г. зн. першапачатковая форма вы́скоротенʼ. Але не выключана і ўтварэнне па аналогіі з выварацень (гл.). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 370 і наст.

Вы́скачка (БРС, Яруш.), вы́скычка ’бег з падскокам’ (Бяльк.). Рус. вы́скочка ’выскачка’, укр. ви́скічка ’белка’. Ад выскачыць з суф. ‑к‑.

Вы́скваркі (БРС), вы́скварка, вы́скарка ’тс’ (Шатал.), вы́скаркі ’ўнутранае топленае сала’ (Касп.). Рус. вы́шкварки ’скваркі’, укр. ви́шкварка, вишкварки ’тс’. Ад выскварыць (гл. скварыць) з суф. ‑к‑.