Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стрэ́мець ‘страла’ (капыл., Сл. ПЗБ). Лакальнае ўтварэнне ад стрэмка (гл.)?

Стрэ́мка ‘вострая тонкая трэска, востры асколак шкла, металу, які залез пад скуру’ (ТСБМ; віл., ст.-дар., пух., Сл. ПЗБ; Шпіл.), стро́мка, стрэ́мка ‘тс’ (Байк. і Некр., ЛА, 3), стро́мка ‘тс’ (Касп.). Звязана чаргаваннем галосных з страмяк, стромкі (гл.).

Стрэ́мя1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφω ‘віць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Стрэмялі́на ‘брызгліна, Enonymus L.’ (гродз., Кіс.). Відаць, да стрэмя (гл.), паводле знешняга падабенства пладоў, параўн.: “каробачка, выспеўшы, лопаецца, і чорнае насенне вісіць некаторы час на валокнах”, гл. Янышкава, Этимология–1985, 42. Параўн. таксама польск. trzemielina ‘тс’, якое выводзяць з przemielina (Махэк, Jména, 141–142) або ад trzmiel ‘чмель’ (з-за двухколернасці чмялёў), гл. Брукнер, 581. Гл., аднак, польск. дыял. strzemielina ‘брызгліна’ (Варш. сл., калі гэта не з беларускай), што пацвярджае зыходную сувязь з *(s)tremę або другаснае з ім збліжэнне.

Стрэ́нуць ‘сустрэць’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Сержп.). Аднакратнае да страка́ць (стрѣкаць) ‘выходзіць насустрач, сустракаць’ (Нас.), гл. сустракаць, стрэць.

Стрэ́нчыць ‘майстраваць, прыстройваць; нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр., Шат.), ‘дагаджаць, наравіць’ (дзярж., Нар. сл.), ‘прыслугоўваць; працаваць’ (Варл.), стрэ́нчыты ‘(настойліва) раіць’ (бяроз., Шатал., Сл. Брэс.), стрэнч, стрэ́нчаньня ‘клопат, турбота’ (чэрв., Нар. лекс.). Паводле Карскага (Белорусы, 149), Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 65), Кюнэ (Poln., 100), нельга аддзяліць ад польск. stręczyć ‘злучаць, сцягваць; сватаць’, nastręczyć ‘соваць, упіхваць’; аб польскім слове гл. Брукнер, 518.

Стрэнь ‘калена (роднасць)’: чытворты стрэнь (драг., ЖНС). Выабстрагаваны з стрэнні ‘дваюрадны’ (< стрыечны, стрэдні, гл.) назоўнік для абазначэння ступені роднасці па бацьку ці маці, узыходзіць да стрый (гл.). Гл. стрэнуць, стрэча2.

Стрэ́паць ‘паводзячы вушамі, прыслухоўвацца’ (іўеў., ЛА, 1), стрэ́пацца ‘рабіць асцярожныя, слабыя шорахі’ (маладз., Янк. Мат.), стрэ́паны ‘апантаны : леціць, як стрэпаны (ТС), стро́паны (стрёпаный) ‘чысценькі, як бы адлупцаваны; што ачуняў ад лупцоўкі’: побѣгъ, якъ стрёпапый (Нас.), стрэ́паны ‘зношаны, падраны’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, ад трапаць (гл.), параўн. Варбат, Этимология–1985, 24–27 (з аглядам версій паходжання групы слоў з коранем *(s)trep‑, без беларускага матэрыялу), што можна звязаць з укр. страпа́тий, стріпа́тий ‘растрапаны, з настыбурчанымі валасамі’, стрепи́й ‘абтрапаны, кашлаты’, ст.-польск. strzępać ‘баяцца’, sstrzęply ‘напалоханыя’, чэш. střapiti ‘узлахмачваць’, ст.-чэш. střěpěti ‘клапаціцца, уважліва прыглядацца’, якія параўноўваюцца з літ. strim̃pti ‘варухацца; мець сілы’, лат. struopît ‘скакаць, насіцца туды-сюды (пра коней, авечак)’, с.-н.-ням. strampen ‘тупаць нагамі’, stramp ‘туга нацягнуты, нерухома выцягнуты’, гл. Слаўскі, SOr, 18, 255; Новое в рус. этим., 226–228. Адносіны да рус. стряпать ‘даваць корм жывёле; гатаваць ежу’ і інш., паводле Фасмера (3, 786), няясныя, тлумачацца назалізацыяй зыходнага *strep‑ (Варбат, там жа, 25). Параўн. стропіцца (гл.).

Стрэ́пач ‘мера льну, роўная 2–4 жменям’ (карэліц., пін., Сл. ПЗБ; івац., Нар. сл.; пін., лун., Шатал.; Мат. Гом.), ‘жменя (пасма) ільну’ (каліна, Сл. ПЗБ; Шатал.), страпа́ч ‘тс’ (івац., Жыв. сл.), стрэпка́ч ‘трапкач’, мн. л. ‘махры’ (ТС), стрэ́пкі ‘ніткі, пакінутыя на канцы палатна пры датыканні’ (ТС), ‘ніткі, якія адрэзаны пасля ткання палатна’ (Мат. Гом.), стры́пач ‘2–3 жмені льну (Уладз.), ‘валокны льну пасля апрацоўкі на церніцы; жменя валокнаў для апрацоўкі трапаннем’ (пін., Ск. нар. мовы; Сл. Брэс.), стря́пка ‘вузенькі ручнік для рук’ (кам., ЖНС), стра́пнэк ‘зрэбнае палатно нізкага гатунку’ (Сл. Брэс.), страпа́ць ‘ачысціць трапаннем’ (Нас.). Укр. страпа́ча ‘кудлаты хмызняк’, стряпкі́ ‘махры, лахмоцце’, польск. strzęp ‘акравак, абрывак’, strzępki ‘махры на тканіне’, чэш. střapec ‘махры; кітка’, славац. strapec ‘махры; гронка (вінаграду)’. Паводле Борыся (584), ад прасл. дыял. *(s)trępiti ‘торгаць, рабіць махры’, варыянта з насавым да прасл. *trepati (гл. трапаць); параўн. трапкач; гл. яшчэ Варбат, Этимология–1985, 24–27; ЕСУМ, 5, 433.

Стрэ́пет ‘стэпавая птушка’ (ТСБМ), ‘аўдотка’ (мазыр., Федз.–Доўб.), ‘ястраб-цецеравятнік’ (Інстр. 2). Укр. стре́пет, стрепете́нь ‘тс’, рус. стре́пет ‘рэзкі шум, шорах са свістам’, птушка Otis tetrax’, дыял. стре́пел, урал. тре́пел ‘тс’. Гукаперайманне, у аснове якога ляжыць уяўленне аб шораху, шамаценні крылаў; параўн. лац. strepō ‘шумець, бушаваць, грымець’ (Фасмер, 3, 776; ЕСУМ, 5, 438; Антропаў, Назв. птиц, 367).